Рефераты. Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Беларусі ў першабытную эпоху

p align="left">У мезаліце адбылося засяленне усёй тэрыторыі Беларусі, з'явілася аўтахтоннае, ці пастаяннае насельніцта.

Узнікненне і эвалюцыя вытворчых формаў гаспадаркі

На Беларусі пачатак пераходу да формаў вытворчай гаспадаркі адбыўся ў перыяд неаліту (5 тыс. год да н.э. - 3 тыс. год да н.э.). Адначасова дасягнулі росквіту прысвойвальныя формы гаспадарання.

Вытворчая гаспадарка - гэта гаспадарка, заснаваная на вытворчасці чалавекам матэрыяльных даброт, неабходных для яго жыцця і дзейнасці.

Жывелагадоўля гістарычна развілася з палявання. Перадумовы развіцця жывелагадоўлі на Беларусі:

- прыручэнне жывелы;

- аседлы лад жыцця насельніцтва;

- асваенне тэхналогіі назапашвання і захавання кармоў для жывелы;

- уплыў плямён перасяленцаў-жывёлаводаў.

Прыкладна ў пачатку 3 тысячагоддзя да н.э. жывёлаводства было вядома сярод жыхароў палескага рэгіену. Да канца неаліту жывелагадоўля - занятак насельніцтва на ўсіх беларускіх землях.

Земляробства - гэта апрацоўка зямлі з мэтай атрымання прадуктаў харчавання і сыравіны для дамашніх промыслаў. Перадумовы ўзнікнення земляробства на Беларусі:

- уплыў плямён перасяленцаў-земляробаў;

- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;

- поспехі ў выпрацоўцы і выкарыстоўванні прылад працы;

- спрыяльныя прыродныя ўмовы.

Звесткі аб спарадычным земляробстве датычацца 5 тысячагоддзя да н.э., але толькі пад канец неаліту - на пачатак бронзавага веку яно стала адной з асноўных галін гаспадаркі. На Беларусі існавала ў двух формах - “падсечна-агнявой” ці ляднай і матычнай.

Ляднае земляробства - складаны тэхналагічны працэс, што складаўся з шэрагу этапаў і аперацый.

Першы этап - выбар месца. Выконвалі асноўныя правілы: гэта быў бераг ракі ці возера, глеба павінна быць якаснай, ніколі не выбіралі нізіны і паўночныя схілы.

Другі этап - непасрэдна падсека. Складалася з дзвюх паслядоўных аперацый:

- падрэзка і выдаленне часткі кары на дрэве. На першых этапах развіцця земляробства, калі шырокае выкарыстоўванне сякер было немагчыма па тэхналагічных прычынах, дрэвы сохлі на пні;

- высыханне і спальванне дрэў. Працэс займаў 10-15 год. Выкарыстоўванне сякеры з драўлянай ручкай паскорыла падсеку, скараціўшы працягласць другога этапу да 2-3 год.

Трэці этап - выдаленне пнёў.

Чацвёрты этап - апрацоўка глебы, вырошчванне ўраджаю. Выкарыстоўваўся палетак на працягу 3-6 год. Апрацоўка зямлі і вырошчванне ўраджаю складалася з некалькіх паслядоўных аперацый:

- рыхленне зямлі

- пасеў зярнят або пасадка іншых сельскагаспадарчых культур;

- догляд пасеваў, барацьба з пустазеллем;

- ахова ад звяроў і птушак;

- збор ураджаю;

- малацьба і ачышчэнне зерня;

- пабудова збожжасховішчаў;

- памол зерня;

- выпечка хлеба;

- якасны і колькасны адбор і зберажэнне насеннага матэрыялу (прымітыўная селекцыя).

Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры таго часу - пшаніца, лён, проса.

Паралельна ляднай сістэме земляробства ужывалася матычнае земляробства. Яно не атрымала шырокага распаўсюджання, бо на Беларусі былі стрымлівальныя фактары:

- нізкая ўрадлівасць глебы;

- адсутнічалі вялікія прасторы, свабодныя ад лясоў.

З'яўленне новых формаў гаспадарання мела вынікам значнае расшырэнне спісу прылад працы. Толькі земляробства прынесла з сабой матыкі, сярпы, зернацёркі, паспрыяла ўдасканаленню сякеры і г.д.

Далейшае развіцце ў неаліце атрымала рыбалоўства. Гэта было звязана з вынаходніцтвам лодкі. Лодка (човен) - не толькі сродак больш дасканалага рыбалоўства, але яшчэ і першы транспартны сродак. З'яўленне лодкі стымулявала больш актыўны абмен і развіццё суднаходства. У неаліце была удасканалена сетка, яна мела некалькі розных відаў, мела некалькі прызначэнняў. Усё гэта павялічыла аддачу ад рыбалавецкага занятку.

У неаліце узнікла вытворчасць першага штучнага матэрыялу - абпаленай гліны. З гліны выраблялі ляпны посуд. Сасуды былі недакладнай формы, але ужо мелі розную функцыянальную накіраванасць (гатоўка, захоўванне харчавання, культавыя патрэбы і г.д.).

У неаліце з'явілася адзенне з тканіны, што атрымлівалі ад хатняга промыслу - ткацтва. Сыравіна выкарыстоўвалася як прыродная (крапіва, канопля), так і вырошчвалася на палетках (лён).

У неаліце на Беларусі ўзнікла вытворчасць прылад працы з крэмню з мэтай абмену. Гэтая з'ява цесна звязана з існаваннем чырвонасельскіх шахтаў. Старажытныя шахты былі выпадкова выяўлены ў Ваўкавыскім раёне каля пасёлка Чырвонае Сяло ў 1962 годзе. Аб існаванні спецыялізацыі ў вытворчасці прылад працы можна гаварыць на падставе наступных фактаў:

- існавала ўстойлівая канструкцыя шахтаў. Былі выпрацаваныя галоўныя правілы пабудовы шахтаў - прыладка ствалоў, штрэкаў, устаноўка стаўбоў, функцыянаванне сістэмы вентыляцыі і асвятлення;

- апрацоўка крэмню праводзілася аднастайнымі тэхналагічнымі прыёмамі;

- канчатковая прадукцыя крэмнеперапрацоўчых майстэрань мела стандартны выгляд.

Акрамя майстэрань у непасрэднай адлегласці ад шахтаў, былі майстэрні і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Такія знойдзены каля Оршы, у Быхаўскім раене, у Брэсцкай вобласці. Перапрацоўшчыкі камню карысталіся новымі тэхналагічнымі прыёмамі - пілаваннем, шліфаваннем, свідраваннем, што ўзніклі на прыканцы неаліту. Больш дасканалыя прылады працы, якімі было прасцей працаваць, садзейнічалі росту вытворчасці працы. З'яўленне лішкаў прадукцыі стымулявала ўзнікненне абмену.

Абмен у неаліце існаваў у дзвюх формах: абмен у межах абшчыны - ажыццяўляўся на падставе ўраўняльнага размеркавання; абмен паміж спецыялізаванымі абшчынамі земляробаў і жывёлаводаў - існаваў у адвольнай форме, бо яшчэ не існавала агульнага эквіваленту мены.

Такім чынам, перыяд неаліту на Беларусі характарызаваўся кардынальнымі зменамі у гаспадарцы, у вытворчасці. У гэты час адбыўся першы вялікі грамадскі падзел працы - на земляробства і жывёлагадоўлю. Усе гэтыя змены ёмка называюць “неалітычная рэвалюцыя”, і хоць яна цягнулася некалькі тысячагоддзяў, вынікі яе былі вызначальнымі для больш позніх перыядаў існавання чалавечага грамадства.

Бронзавы век

Бронзавы век на Беларусі мае храналагічныя рамкі: 2-е тысячагоддзе да н.э. і закранае пачатак 1-га тысячагоддзя да н.э. На Беларусі можна гаварыць аб гэтым перыядзе як аб энеаліце - ці медна-каменным веку. Асноўная маса прылад працы як і ў неаліце - была з камню. Бронзавых і медных артэфактаў знойдзена няшмат, усяго каля 70 прадметаў на ўсю Беларусь. гэта тлумачыцца адсутнасцю сваіх сыравінных рэсурсаў і аддаленасцю ад распрацовак медзі наогул. Асноўная група знаходак з бронзы ці медзі - гэта ўпрыгожанні. Сярод прылад працы можна вылучыць сякеры, наканечнікі дзідаў, далоты, шылы. У невялікай колькасці кардынальных зменаў у гаспадарцы яны зрабіць не маглі. Таму ў бронзавы век на Беларусі развівалася і ўдасканальвалася ўсё тое, што было набыта ў неаліце.

Земляробства і жывёлагадоўля з дапаможных заняткаў сталі галоўнымі формамі гаспадарання. На працягу веку бронзы земляробы вырошчвалі на палетках усе асноўныя сельскагаспадарчыя культуры.

У апрацоўцы камню шырока выкарыстоўвалі прыёмы пілавання, шліфавання, свідравання. Новы тэхналагічны прыём - струменьчатая рэтуш - выкарыстоўваўся для надання асобнай вастрыні колюча-рэжучым краям прылад. Шырокае распаўсюджанне набылі сякеры з адтулінамі для драўляных ручак - яны мелі выключнае значэнне для рапаўсюджвання ляднага земляробства.

Гліняны посуд пачалі рабіць з плоскім дном. Гэта азначае, што з'явіліся сталы, лаўкі і паліцы, пачала складвацца культура быту. Знаходкі шматлікіх прасельцаў гаворыць аб распаўсюджванні і пэўных поспехах у ткацтве.

Далейшае развіццё атрымаў абмен. Перш за ўсё гэта датычыцца міжрэгіянальнага абмену. З беларускіх зямель шырока вывозіўся крэмень і прылады працы з яго - у Прыбалтыку; з Прыбалтыкі на Беларусь везлі бурштын, далей ен трапляў на Каўказ і ў Прыкарпацце. З гэтых месцаў мы атрымлівалі медзь і бронзу. Знойдзеныя на Беларусі шкляныя ўпрыгожванні маюць паходжанне з Усходняга Міжземнамор'я.

Паспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі зараджэнню маёмаснай няроўнасці і няроўнасці па палавой прыкмеце. Матрыярхат як сацыяльная арганізацыя грамадства страчвае свае пазіцыі. У гаспадарчым жыцці галоўнай асобай, здабытчыкам і працаўніком становіцца мужчына. Гэта павышае яго статус у грамадстве, што спрыяе ўсталяванню патрыярхальных адносін. Пацвярджаюць гэта знаходкі больш багатых па інвентару мужчынскіх пахаванняў.

Развіццё сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлёвых адносін у перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і станаўлення феадальных адносін

Распад першабытнаабшчынных адносін на Беларусі храналагічна супадае з жалезным векам. Першыя прылады працы з жалеза з'явіліся на Беларусі на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. Яны былі знойдзены ў адным месцы - на поўдні Беларусі, у Лоеўскім раёне. Толькі праз 2-3 стагоддзі перапрацоўка жалеза і вытворчасць жалезных прылад працы распаўсюдзілася па ўсей тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму прынята лічыць пачатак жалезнага веку з VIII-VII стст. да н.э.

На Беларусі існавалі станоўчыя перадумовы, што паспрыялі досыць хуткаму распаўсюджванню жалеза:

- наяўнасць вялікай колькасці лёгкадаступнай сыравіны - балотнай ці лугавой руды і драўнянага вугалю;

- адносна нескладаная тэхналогія перапрацоўкі жалеза ў домніцах (прымітыўных плавільных печах);

- адзначаўся вялікі попыт на якасныя і прасцейшыя ў эксплуатацыі прылады працы, асабліва ў земляробстве;

- існавала магчымасць выкарыстоўваць мясцовымі кавалямі ўжо распрацаваныя тэхналагічныя прыёмы - кавальскую зварку, пакетную коўку і інш.

Выкарыстоўванне жалезных прылад працы значна павысіла вытворчасць працы, людзі атрымлівалі больш прадукцыі, з'явіўся прыбавачны прадукт, што выкарыстоўваўся для накаплення ці абмену.

Абмен у гэтыя часы меў пераважна натуральны характар, калі адна рэч мянялася на іншую рэч. Тым не менш, з'явіліся грошы - грэчаскія і рымскія манеты. Яны яшчэ не выконвалі ролю універсальнага эквіваленту, а хутчэй за ўсё з'яўляліся прадметам накаплення. Аб гэтым сведчаць знаходкі буйных кладаў, што адносяцца да адзначанай эпохі. Як і раней, існаваў лакальны абмен і міжрэгіянальны. Беларускія землі пастаўлялі суседзям з Паўночнага Прычарнамор'я і Ніжняга Падняпроў'я драўняны вугаль (існавала вытворчасць гэтага прадукта), рээкспартавалі у тым жа напрамку прыбалтыйскі бурштын. На Беларусь прывозіліся манеты грэчаскіх і рымскіх гарадоў, прадметы “прэстыжу”.

На пачатак нашай эры гаспадарчае развіцце беларускіх земляў шло пад ўплывам актыўных этнічных працэсаў. Апошняя стадыя гэтых працэсаў - гэта рассяленне на сучасных беларускіх землях славянскіх пляменаў. Рассяленне славян (пачалося ў VI ст.) прынесла кардынальныя змены ў эканамічным жыцці. Славяне мелі больш высокі ўзровень развіцця гаспадаркі ў параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Перасяленцы вялі ворнае земляробства і жывёлагадоўлю, арыентаваную на малочную вытворчасць. Больш таго, яны прынеслі жорны на змену зернацёркам, якімі карысталася мясцовае насельніцтва. Славяне прынеслі новую форму сацыяльнай арганізацыі - сельскую абшчыну. Змешваючыся з мясцовымі жыхарамі у VI-VII стст. яны утварылі славяна-балцкія калочынскую і банцараўскую археалагічныя культуры. Некаторыя даследчыкі лічаць , што гэтыя утварэнні маглі мець прыкметы прота-дзяржавы. На вялікіх тэрыторыях адсутнічалі ўмацаваныя паселішчы, што гаворыць аб скаардынаванай абароне і адсутнасці ўнутранных сутычак. На тэрыторыі існавання гэтых культур ёсць знаходкі пахаванняў, што змяшчаюць выключныя па якасці і каштоўнасці рэчы. Гэтыя пахаванні прыпісваюць правадырам вялікіх тэрыторый.

Сельская абшчына (мір, вервь) - аб'яднанне людзей, заснаванае не на роднасных, а на тэрытарыяльных і часткова, вытворчых сувязях. У працэсе развіцця мела тры асноўныя формы, што змянялі адна адну.

Вялікасямейная сельская абшчына (VI-VII стст.) складалася з 150-200 абшчыннікаў, што разам апрацоўвалі зямлю. Маёмасць на зямлю была калектыўная, а на жыллё і гаспадарчыя пабудовы ўжо ўсталявалася прыватная ўласнасць. Размеркаванне прадукцыі адбывалася згодна са звычаем.

Суседска-вялікасямейная ці земляробчая сельская абшчына (VIII-IX стст.). Разам з цэнтрам абшчыны - галоўным вялікім пасяленнем існавалі малыя паселішчы - “сямейныя абшчыны”. Вялікая патрыярхальная сям'я як і раней была асноўнай гаспадарчай адзінкай. Ёй належала тая зямля, што яна апрацоўвала, і ўжо на той час сем'і мелі розны ўзровень багацця. Адначасова вылучаюцца малыя сем'і, што самастойна вялі гаспадарку.

Суседская сельская абшчына (X-XI стст.). Яе існаванне адзначана наступнымі прыкметамі:

- вылучэнне малых сем'яў з вялікай патрыярхальнай;

- усталяванне прыватнай уласнасці сям'і на зямлю;

- індывідуальнае вядзенне гаспадаркі кожнай сям'ёй.

Далейшае развіццё абшчыны ішло ў двух напрамках. Першы шлях - гэта дыферэнцыяцыя абшчынікаў унутры абшчыны, што мела вынікам канцэнтрацыю права маёмасці на зямлю у адной ці некалькіх сем'ях, рост залежнасці бяднейшых абшчыннікаў ад багацейшых. Такім чынам, усталёўваліся феадальныя адносіны. Другі шлях - гэта прамы захоп абшчынных зямель і свабодных абшчынікаў з боку дзяржаўнай улады ў асобе князя і дружыны. Вынік той жа - знікненне сялянскай маёмасці на зямлю, усталяванне феадальных адносін. Першабытнаабшчынны лад хутка распадаўся, а з ім адыходзіла і першабытная гаспадарка.

Вылучэнне рамяства і развіццё гандлю

У першабытнай гаспадарцы рамесніцкая вытворчасць была непарыўна звязана з сельскай гаспадаркай. Вытворчасць розных прылад мела выгляд хатняга промыслу. Хатні промысел - гэта вытворчасць тых ці іншых вырабаў для ўжытку ў сям'і. Рамяство - гэта вытворчасць розных рэчаў на рынак ці пад заказ людзьмі, што валодалі спецыяльнымі ведамі і навыкамі.

Вылучэнне рамяства з сельскай гаспадаркі мае наступныя прыкметы:

- былі распрацаваныя спецыфічныя складаныя тэхналогіі вырабу прадметаў;

- наяўнасць спецыялізаваных майстэрняў, размешчаных асобна ад іншых пабудоў;

- наяўнасць сыравіннай базы ці шляхоў дастаўкі сыравіны;

- гатовая прадукцыя мела стандартны выгляд на вялікай тэрыторыі;

- абмен меў развіты характар.

Ужо ў VI-VIII стст. шэраг хатніх промыслаў існаваў у пераходнай стадыі да рамяства. Так, апрацоўка дрэва вылучалася шырокім спісам дрэваапрацоўчых інструментаў (сякеры сучаснага тыпу, далоты, цясло, свярдзёлкі і інш.). Гэта гаворыць аб развітай тэхналогіі дрэваапрацоўкі. Вырабы з керамікі на вялікай тэрыторыі мелі больш-менш стандартны S-падобны выгляд, амаль на ўсей тэрыторыі сустракаліся прасліцы аднаго тыпу. Разьбой па косці і рогу займаліся ў кожнай хаце, але з'яўленне выключных па мастацкай якасці рэчаў можна аднесці толькі да вытворчасці пад заказ ці на абмен. Тое ж можна сказаць і пра ткацтва і прадзенне. Для ўнутраннага ўжывання выкарыстоўвалася больш грубая тканіна, а якасная выраблялася пад заказы ці на абмен.

Першае рамяство звязана з апрацоўкай жалеза і вытворчасцю жалезных прылад працы. Кожны жадаючы не мог займацца гэтай справай, таму што: патрабавалася веданне складанай тэхналогіі, спецыяльныя веды. Шматгадовая практыка, фізічная падрыхтоўка таксама былі вызначальнымі фактарамі выдзялення кавальства ў рамяство. Развіццё рамяства ішло ў двух напрамках. Існавалі аседлыя кавалі. Іх праца мела сезонны характар. Вытворчасць асноўнай масы прадукцыі адбывалася ў перыяды, свабодныя ад сельскагаспадарчых работ (каваль вёў сваю гаспадарку). Але існавалі і кавалі-вандроўнікі. Гэта былі прафесійныя кавалі, што выконвалі заказы жыхароў розных месцаў ці прапанавалі ім гатовыя вырабы. У замен яны атрымлівалі ўсе неабходнае для існавання.

Вылучэнне рамёстваў мела наступныя вынікі:

- падрываўся калектыўны характар працы і прысваення;

- асобныя члены абшчыны атрымлівалі магчымасць самастойна прысвойваць прыбавачны прадукт, абыходзячы працэдуру размеркавання ў межах абшчыны;

- развіваўся абмен ў рамках селянін-рамеснік.

Вылучэнне рамясва з сельскай гаспадаркі было другім грамадскім падзелам працы. Гэта быў рухавік, што прывеў да фарміравання дзяржавы і класаў.

Абмен і гандаль. Паступова, у працэсе развіцця і ўдасканалення абмену, сваё месца стаў адваёвываць гандаль. Перадумовы ўзнікнення гандлю:

- хуткае развіцце сельскай гаспадаркі;

- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;

- рост шчыльнасці насельніцтва;

- вылучэнне і развіццё рамёстваў;

- далейшае развіццё прысвойвальных формаў гаспадаркі;

- гаспадарчая спецыялізацыя рэгіенаў;

- усталяванне эквіваленту абменаў.

Эквівалент - гэта найбольш значная, універсальная для абодвух абменьваючыхся бакоў рэч. Славяне спачатку выкарыстоўвалі ў якасці эквіваленту жывёлу, пазней - металы, а дакладней - манеты існаваўшых у тыя часы дзяржаў, з якімі падтрымлівалі гандлёвыя сувязі. Міжрэгіянальны абмен меў выгляд так званага “прэстыжнага абмену”. Яго сутнасць у тым, што за свой тавар (у асноўным - сыравіну) атрымлівалі рэчы, якія не мелі спажывецкай ці вытворчай вартасці, але неслі прэстыж яго ўладальніку. Лакальны абмен дапамагаў пераразмяркоўваць прыбавачны прадукт ў межах абшчыны ці невялікага рэгіёну. На гэтай першай стадыі развіцця прымітыўны гандаль яшчэ адбываўся без пасрэднікаў. Гандляры як сацыяльная група з'явяцца ў працэсе класаўтварэння і станаўлення дзяржаўных інстытутаў. З іх з'яўленнем адбудзецца трэці вялікі грамадскі падзел працы.

Шматукладная гаспадарка

Шматукладнае грамадства - гэта грамадства, дзе феадальны ўклад жыцця паступова пераважаў над родаплемяным і рабаўладальніцкім, суіснуючы некаторы час побач.

Эканамічная шматукладнасць наглядалася ў суіснаванні суседскай абшчыны і феадальных зямельных уладанняў. Сацыяльная шматукладнасць - гэта падзел грамадства на розныя сацыяльныя групы. Адначасова суіснавалі групы: свабодных сялян-абшчыннікаў, але ўжо пачалося іх расслаенне, вылучэнне феадальна-залежнага сялянства (чэлядзі); была група рабоў, складваўся клас феадалаў-землеўладальнікаў. Адначасова ішло ўсталяванне дзяржаўных устаноў. З'явіліся “кармленні” - складваліся васальныя адносіны, насельніцтва пачало эксплуатавацца дзяржавай - у выглядзе палюддзя. Наогул, паступова вярхоўная ўлада на зямлю перайшла да дзяржавы ў асобе князя.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

2. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч - Мн, 2001.

3. Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі / Галубовіч В.І. - Мінск, 1997.

Страницы: 1, 2



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.