Рефераты. Гісторыя эканамічнага развіцця Беларуссю ў канцы XVII - пачатку XVIII ст.

p align="left">Сярэдзіна XVII -- першая палова XVIII ст. -- гэта перыяд развалу ўсяго гаспадарчага жыцця Беларусі і пачатак аднаўлення яе эканомікі. Але да сярэдзіны XVIII ст. гаспрадарка не дасягнула яшчэ ўзроўню сярэдзіны XVII ст.

Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычыны ажыўлення:

Першая - дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 -- налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11 % ад усяго насельніцтва. Як вынік - павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Другая - узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Попыт на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5 -- 5, пшаніцу -- у 3 -- 4, а на авёс і ячмень -- у 2 -- 2,5 раза) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласнае заворванне, пасевы збожжавых культур.

Трэцяя прычына звязана з ўнутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Павялічвалася зацікаўленасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнні агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгулявання ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем у 60--70-я гг. XVIII ст. былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія ўзмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы па галінах кіравання, заснавана Скарбавая камісія -- спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.

У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страт сваіх шляхецкіх правоў. Значнай колькасці багатых мяшчан прысвоена званне шляхты.

Чацвертая - меры з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін. У другой палове XVIII ст. пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванні рачных партоў, будаўніцтве дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1781 - 1784 гг. быў пабудаваны другі канал, які адкрываў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг.

У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага княства Літоўскага меры вагі, аб'ёму і даўжыні. У 1764 г., а потым у 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Тады сойм ВКЛ ўводзіць даўгавы працэнт у памеры не больш як 6% на карысць духоўных і не больш 7% для свецкіх крэдытораў.

Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў:

- пашырэнні фальварачнай запашкі (захад і цэнтр Беларусі);

- у асваенні новых зямель;

- узнікненні новых фальваркаў;

- удасканальванні агратэхнікі;

- у росце пагалоўя хатняй жывёлы;

- у павышэнні ўраджайнасці, якая дасягнула сам-4;

- павелічэнні таварнасці вотчыннай сельскай гаспадаркі, пашырыліся яе сувязі з рынкам.

Сельская гаспадарка

На гэты час ва ўладаннях феадалаў на ўсходзе Беларусі, як і раней, фальварачна-паншчынная гаспадарка не атрымала шырокага развіцця. Прычыны: аддаленнасць рэгіёна ад цэнтра дзяржавы; частыя ваенныя канфлікты; нізкая шчыльнасць насельніцтва.

У другой палове XVIII ст. ліквідуюцца вынікі разарэння і ў сялянскіх гаспадарках. Ураджаі былі ніжэй, чым на панскім полі, але ужо складалі сам 3 - 3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласных сялян у другой палове XVIII ст. у цэлым па Беларусі склаў 0,63 валокі (больш чым 13,4 га) на адну гаспадарку. Ён большы, чым у перыяд войнаў і разбурэнняў, але яшчэ не дасягнуў узроўню даваеннага часу. На ўсходзе Беларусі сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры аброчнай сістэме гаспадарання, якая пераважала на ўсходзе, у сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі.

Значна павялічылася ў другой палове XVIII ст. і колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках. Гаспадароў, што не мелі коней амаль не было. Па аднаму каню было ў 3,9% гаспадарак, па 2 у 27,3%, па 3 у 25,9%, па 4 у 13%, а па 5 і болей у 29,9% гаспадарак Магілеўскай эканоміі. Сярэдняя па Беларусі норма рабочай жывёлы на сялянскі двор склала 1,6 -- 1,7 запрэжкі (адна запрэжка -- 2 валы ці адзін конь), што перавышала ўзровень даваеннага часу.

Сялянскія павіннасці

Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. Узрасла паншчына, на трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім перыядам.

Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працы, зараджэнне вотчыннай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена вырашальная ў той час галіна эканомікі Беларусі -- сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры --да 60-х гг., на ўсходзе -- да 70-х гг.

Гарады

Да канца XVIII ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца XVIII ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVII ст.

Галоўную ролю адыгрываць вялікія гарады на галоўных гандлёвых шляхах - Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск.

Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30 -- 40 %, у малых -- 10 -- 25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы -- рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.

Самая вялікая рамесная група - апрацоўшчыкі металаў. У сярэднім 20 - 30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў. Гэта: кавалі, слесары, залатых і срэбных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы.

Другая - рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх каля 22% ад усіх рамеснікаў.

Трэцяя-- майстры па вырабе адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, футравікі і інш. Іх было значна менш.

Чацвёртая - рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцяў -- цесляры, столяры, цагельнікі, муляры, пячнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася 45-60 рамесных прафесій.

Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяншалася да канца XVIII ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.

У XVIII ст. на Беларусі з'явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рынкавыя сувязі.

Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках і танную рабочую сілу -- прыгонных сялян (вотчынныя мануфактуры).

Акрамя магнатаў, актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль РП Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве Антоній Тызенгауз у 60 - 70-я гг. XVIII ст. стварыў больш за 20 буйньх прамысловых прадпрыемстваў у каралеўскіх эканоміях, у тым ліку больш за 15 мануфактур -- у Гродне, у Брэсцкай эканоміі -- металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Брэсце. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічала звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.

Гандаль

Ажывіліся гандлёвыя аперацыі як на ўнутранным рынку, так і са знешнімі рынкамі толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічала:

- ўзнаўленне сельскай гаспадаркі,

- уздым рамеснай вытворчасці і развіццё мануфактуры;

- пашырэнне таварна-грашовых адносін;

- паляпшэнне сродкаў зносін.

У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля - ў кірмашоў. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Мінску, Шклове, Бешанковічах і Зэльве. Рэгулярны гандаль праз крамы вядзецца пры буйных мануфактурах у Гродне, Кобрыне, Паставах і іншых гарадах.

Знешні гандаль - гэта вываз традыцыйных тавараў: воску, мёду, шчаціння, скуры. Пашырыўся вываз ільну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, зерня, лясных матэрыялаў, паташу, смалы, дзёгцю, рагожы. Асноўныя пункты вывазу - балтыйскія порты Гданьск, Крулявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расіяй і Украінай.

Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне вырашальнай галіны эканомікі -- сельскай гаспадаркі. Наглядаюцца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Больш шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў болышай ступені былі звязаны з рынкам. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.

Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі

Галоўнымі прычынамі падзення Рэчы Паспалітай былі наступныя:

1. Заняпад эканомікі РП.

2. Феадальная анархія, права на канфедэрацыі (узброеныя выступленні супраць улады). Існаванне права liberun veto.

3. Ваеннае аслабленне Рэчы Паспалітай. Адсутнасць рэгулярнага войска.

4. Дэмаралізацыя і маральнае разлажэнне феадалаў. Вялікія грошы прапіваліся і прайграваліся ў карты.

Повады да падзелаў - рэлігійныя супярэчлівасці (ураўнанне ў правах жыхароў розных веравызнанняў) (першы падзел), барацьба з ідэямі французскай рэвалюцыі (другі і трэці падзел).

Жнівень 1772 г. - першы падзел РП. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).

Студзень 1793 г. - другі падзел РП. Да Расіі адышлі Правабярэжная Украіна, а таксама цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінскам, Барысавам, Бабруйскам, Рэчыцай, Слуцкам, Навагрудкам, Пінскам і Мазыром.

Пасля падаўлення паўстання 1794 г. адбыўся трэці падзел РП (1795 г.). Расія далучыла Літву, заходнюю частку Беларусі і Заходнюю Валынь.

На беларускіх землях была ўведзена агульнарасійская сістэма кіравання. У пачатку XIX ст. Беларусь з насельніцтвам больш 3 млн. чалавек склала Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую губерні.

Пачаліся падараванні земель з сялянамі рускім памешчыкам і асабліва буйным военачальнікам і дзяржаўным чыноўнікам (Пацёмкін, Румянцаў-Задунайскі, Чарнышоў і інш.). Усяго ў 1772 -- 1801 гг. на Беларусі ў рукі новых уладальнікаў перайшло больш за 200 тыс. сялян мужчынскага полу. Фонд - маёнткі магнатаў і шляхты, якія выехалі за мяжу, ўладанні ліквідаваных каталіцкіх манастыроў. Мэта падараванняў - умацаваць сацыяльную апору ўраду на месцы.

Вынікі далучэння:

1) Больш спрыяльныя ўмовы для развіцця прадукцыйных сіл (вялікая эканамічная прастора імперыі, стабільнае існаванне).

2) Ажывілася сельская гаспадарка Беларусі (вырас збыт зерня, ільну, бульбы, каноплі за мяжу і ў буйныя гарады Расіі).

3) Значны рост мануфактурнай прамысловасці Беларусі за кошт вотчынных прадпрыемстваў (новыя прамысловыя цэнтры - Крычаў, в. Воранава, м. Дуброўна, Шклоў). Пачалі ўзнікаць купецкія мануфактуры (праца вольнанаёмных рабочых).

4) Развіццё ўнутранага і знешняга гандлю Беларусі, асабліва з Расіяй і Украінай (адмена гандлёвай пошліны, агульнарасійскія меры вагі і грашовая сістэма).

5) Пачатак навуковага даследавання Беларусі, у тым ліку даследавання эканамічнага развіцця.

6) Беларусь страціла ўсе прыкметы самастойнасці ў палітычных, эканамічных і культурна-нацыянальных пытаннях. Па сутнасці, Беларусь была каланіяльным уладаннем рускага цара.

7) Былі адменены вынікі шэрагу гаспадарчых рэформаў сярэдзіны XVIII ст., затрымалася развіццё капіталістычных адносін.

8) Пагоршылася становішча працоўных мас, у першую чаргу сялянства.

9) Адменена Магдэбургскае права на самакіраванне гарадоў. Купцы плацілі падаткі з капіталу, а мяшчане былі абкладзены агульным падушным падаткам і ў адносінах да адбывання вайсковай павіннасці былі прыроўнены да сялян.

10) Устаноўлена "мяжа яўрэйскай аседласці". Яўрэйскае насельніцтва гарадоў было абмежавана ў правах.

11) Беларусь павінна была ўносіць у царскую казну большыя падаткі, чым у складзе РП. Яны ўзраслі амаль у 6 разоў і складалі больш 1 млн. руб. у год.

Уключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі мела як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі. Зыходзячы з аб'ектыўных пазіцый, трэба адзначыць, што ў той час і ў тых гістарычных умовах уключэнне садзейнічала складванню больш спрыяльных умоў для развіцця эканомікі і фарміравання капіталістычных адносін.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі - Мн., 1990-е гг.

2. В.І. Галубовіч Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча - Мінск, 1996.

3. С.Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С.Ф. Шымуковіч - Мн, 2001.

4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

Страницы: 1, 2



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.