Рефераты. Лівонская вайна

. Стрыйкоўскі піша пра поўную перамогу літоўскай вайсковай групоўкі над вялікім маскоўскім войскам, з супрацьлеглага ж боку крыніцы паведамляюць пра цалкам адваротныя вынікі.

3 цягам часу канфлікт толькі абвастрыўся. Аднак да шырокамаштабных ваенных дзеянняў не дайшло. Маскоўскі бок вырашыў пачакаць да поўнага высвятлення пазіцыі ВКЛ.

У верасні 1561 г. літоўская вайсковая групоўка на чале з найвышэйшым гетманам М. Радзівілам Рудым адбіла ў маскоўскага войска замак Тарваст. Эфект ад гэтай перамогі быў малым, улічваючы захоп у гэты ж час непрыяцелем Феліна - адной з наймацнейшых крэпасцей у Інфлянтах. Гарнізон у захопленым замку Тарваст, які не меў важнага стратэгічнага значэння, вырашана было не пакідаць. Неўзабаве сюды вярнуліся маскоўскія ратнікі. Цалкам верагодна, што аблога Тарваста была распачата, каб паказаць інфлянцкаму кіраўніцтву намеры літвінаў змагацца за захопленыя Масквой тэрыторыі. Страта Рэвеля ўлетку 1561 г. і яго пераход пад юрысдыкцыю Швецыі, якая таксама ўступіла ў змаганне за інфлянцкія землі, паказала кіраўніцтву Вялікага Княства патрэбу ў больш шчыльным падпарадкаванні сваей падкантрольнай тэрыторыі Інфлянцкай дзяржавы.

У жніўні 1561 г. адбыўся візіт канцлера ВКЛ М. Радзівіла Чорнага ў Рыгу. На перамовах Радзівіл выклаў прапановы, якія прадугледжвалі, пераход Рыгі і правабярэжных Інфлянтаў пад непасрэдны пратэктарат Жыгімонта Аўгуста. У якасці ўмоў інфлянцкі бок прасіў захаваць свабоду пратэстанцкага веравызнання, пацвердзіць ільготы і прывілеі даўнейшых часоў, абараніць мясцовае кіраўніцтва ад магчымых абвінавачанняў германскага імператара ў здрадзе сваім васальным абавязкам, гарантаваць тутэйшаму нямецкаму насельніцтву займанне кіруючых пасад, весці вайну за вызваленне занятых непрыяцелем інфлянцкіх тэрыторый. Магістр Ордэна Г. Кетлер і рыжскі архіепіскап Вільгельм жадалі захаваць уладу ў якасці васалаў Жыгімонта Аўгуста.

Перамовы прадоўжыліся ў Вільні. Інфлянцкія прадстаўнікі заявілі пра сваё імкненне перайсці пад пратэктарат адразу і ВКЛ, і Польшчы. Iх не задавальнялі аб'ёмы і эфектыўнасць вайсковай дапамогі з боку Вялікага Княства. Гэта разыходзілася з пазіцыяй літоўскіх радных паноў начале з М. Радзівілам Чорным, якія не жадалі дзяліцца з палякамі карысцю ад падпарадкавання Інфлянтаў.

Але з павяліченнем пагрозы нанясення царскімі войскамі новых удараў па тэрыторыі Інфлянтаў, кампраміс быў вынайдзены. У заключанай 28 лістапада 1561 г. дамове Інфлянты фармальна пераходзілі пад персанальную юрысдыкцыю Жыгімонта Аўгуста.

Дамова прадугледжвала ліквідацыю Інфлянцкай дзяржавы ў яе старым выглядзе і стварэнне на гэтай тэрыторыі новых дзяржаўных структур, падначаленых польска-літоўскаму гаспадару. На левабярэжнай частцы Інфлянтаў было створана Курляндскае герцагства на чале з герцагам Г. Кетлерам. Справа па цячэнні Дзвіны ўтваралася Задзвінскае герцагства, якое фармальна належала Жыгімонту Аўгусту як вярхоўнаму валадару. Кіруючыя паўнамоцтвы тут таксама атрымаў Г. Кетлер.

Артыкулы пагаднення ўключалі ў сабе асноўныя просьбы інфлянцкага боку. Да іх далучыліся: дазвол біць уласную манету, намінал якой не адрозніваўся ад літоўскага гроша, наданне аўтаномнага статуса судовым органам, вызваленне ад падаткаў на неакрэслены тэрмін па прычыне ваенных спусташэнняў, забарона гандлю для асоб яўрэйскага паходжання.

Такім чынам, Інфлянты захавалі поўную самастойнасць ва ўнутрыпалітычных справах і фактычна атрымалі статус "дзяржавы ў дзяржаве".

Дзякуючы вайсковым гарнізонам кіраўніцтва ВКЛ мела магчымасць кантраляваць палітычную сітуацыю. Жыгімонт Аўгуст не мог пайсці на рэальнае далучэнне (інкарпарацыю) інфлянцкай тэрыторыі да ВКЛ з-за нежадання псаваць адносіны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі, чым васалам намінальна з'яўляліся Інфлянты. Важным быў таксама пазітыўны погляд на інфлянцкую палітыку ВКЛ з боку еўрапейскай грамадскай думкі. Варта пры гэтым адзначыць, што неўзабаве, у 1566 г., Інфлянты ўсё ж такі далучыліся да ВКЛ і перасталі карыстацца шырокай унутрыпалітычнай аўтаноміяй.

Заключэнне дамовы 1561 г. было відавочным поспехам палітыкі ВКЛ, але ён не быў поўным з-за ўхілення рыжан ад яе падпісання. Рыга звязвала дзвінскі шлях з Балтыйскім морам. Гэта абумоўлівала важнае стратэгічнае значэнне горада.

Развітая партовая інфраструктура горада давала выдатныя магчымасці для гандлю з Еўропай. Авалоданне кантролем над Рыгай было адной з найгалоўнейшых задач кіраўніцтва як ВКЛ, так і Маскоўскай дзяржавы. Выказваючы ў 1561 г. лаяльнасць літоўскаму гаспадару, Рыга пагаджалася толькі на ваеннае супрацоўніцтва. Аднак гарнізон ВКЛ там так і не быў размешчаны. Горад заставаўся незалежным да 1581 г. Праўда, у знешніх зносінах яго самастойнасць была намінальнай. Фармальна Княства дасягнула значных поспехаў, распаўсюдзіўшы свой уплыў на большую частку тэрыторыі былой Інфлянцкай дзяржавы. Аднак літоўскія палітычныя эліты не атрымалі магчымасці займаць тут кіруючыя пасады, набываць зямельныя ўладанні. Замест гэтага на плечы кіруючыга кола ВКЛ была ўскладзена задача абароны Інфлянтаў. Утрыманне значнага кантынгенту наёмных жаўнераў дорага абыходзілася дзяржаўнаму скарбу ВКЛ. На пачатку 60-х гг. XVI ст. выявіўся недахоп сродкаў для арганізацыі эфектыўнай абароны гэтых зямель. Да таго ж з'явілася рэальная пагроза шырокамаштабнай вайны з Маскоўскай дзяржавай. Развіццё падзей у Інфлянтах у канцы 50-х - пачатку 60-х гг. XVI ст. вызначыла непазбежнасць новай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Нягледзячы на намаганні літоўскіх радных паноў прадоўжыць перамір'е, стала зразумела, што прадухіліць вайну будзе вельмі цяжка.

1.3 Другі перыяд вайны (1562-1578)

Ваенныя дзеянні 1562 г.

Пасланцы высланыя ў Маскву на пачатку 1562 г., пацярпелі поўны крах. Гэта канчаткова выявіла крах мірных ініцыятыў кіруючых колаў ВКЛ. Напрыканцы caкавіка 1562 г. маскоўскія войскі здзейснілі напад на памежныя раёны Полацкай зямлі, учынілі шэраг набегаў на ваколіцы Оршы, Дуброўны,Мсціслава, спаліўшы пасады гэтых гарадоў. 20 мая 1562 г. вялікае маскоўскае войска на чале з А. Курбскім падышло да Віцебска. Трохдзённае стаянне ля горада скончылася тым, што былі спалены пасады і спустошаны ваколіцы. Неўзабаве царавы ратнікі вярнуліся ў Вялікія Лукі, спаліўшы па дарозе пасады Суража. Войска ВКЛ таксама здзейсніла шэраг выпадаў на маскоўскія воласці, у прыватнасці, выпаліла ваколіцы Смалеска і беспаспяхова атакавала веліжскія ўмацаванні. Другая вайсковая групоўка, спустошыла раёны Себежа і Апочкі. Адначасова віленскі двор шукаў вайсковай падтрымкі збоку. Пленам дыпламатычных намаганняў стала дамоўленасць паміж ВКЛ і Крымам аб узгодненых ваенных дзеяннях. На пачатку ліпеня 1562 г. крымскае войска падышло да Мцэнска. У выніку Іван IV загадаў спыніць падрыхтоўку вялікай выправы супраць ВКЛ, скіраваўшы ўсе сілы на адпор татар.

Значная ваенная падзея адбылася 19 жніўня 1562 г. паблізу Невеля, дзе сутыкнуліся групоўка наёмных жаўнераў на чале з польскім ротмістрам С. Леснявольскім і маскоўскае войска пад камандай А. Курбскага. Па словах Івана Грознага, 15 тыс. маскоўскіх ратнікаў супрацьстаяла 4 тыс. палякаў і літвінаў. Польска-літоўскі атрад удала размясціўся ў цесным балотным месцы, якое было з двух бакоў акружана вадой, і на працягу цэлага дня стрымліваў націск пераважных сіл непрыяцеля, робячы паспяховыя вылазкі невялікіх груп коннікаў. Урэшце, выкарыстаўшы спрыяльны момант, роты палякаў і літвінаў з гордасцю адступілі. Літоўскае войска страціла ўсяго 15--16 чалавек. 3 маскоўскага боку на полі бою засталося, па розных даных, ад 1500 да 7-8 тыс. чалавек. Гэтае паражэнне царскага войска стала адной з галоўных прычын пагаршэння адносін Івана IV з А. Курбскім, які праз два гады эміграваў у Літву. Восенню 1562 г. большай актыўнасцю вызначаўся літоўскі бок. ВКЛ ў верасні 1562 г. зноў зрабіла напад на себежскія воласці.

3 надыходам зімы баявыя дзеянні паступова згортваліся. Ваеннымі дзеяннямі 1562 г. скончыўся пачатковы этап супрацьстаяння Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Двухбаковыя ўдары, якія адбыліся ў гэтым годзе, не мелі на мэце дасягнення значных ваенных вынікаў, калі не лічыць спусташэнне паселішчаў і рабаванне мясцовага насельніцтва. У задачы абодвух бакоў не ўваходзіла працяглая аблога ўмацаваных пунктаў і планамерная заваёва тэрыторыі праціўніка. У цэлым гэтыя дзеянні павінны былі высветліць наяўныя сілы і рэсурсы, якія меліся ў кожнага з бакоў, і выявілі прыкладную раўнавагу пры лакальных формах барацьбы.

Страта Полацка ў 1563 г

Пачынаючы з верасня 1562 г., маскоўскае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да маштабнай выправы на ВКЛ. Сам час яе падрыхтоўкі і правядзення паказваў, што ўлады імкнуліся максімальна выкарыстаць фактар нечаканасці. У восеньскі перыяд баявыя дзеянні, як правіла, згортваліся з-за неспрыяльных умоў надвор'я і немагчымасці здабываць правіянт без вялікіх затрат. У зімовы час на ваенным фронце надыходзіла амаль поўнае зацішша. У гэтых абставінах Іван IV вырашыў ажыццявіць без перабольшання дзёрзкую ваенную аперацыю. Мала хто мог меркаваць, што для ўдару будзе абраны Полацк.

Выбар менавіта Полацка дыктаваўся, напэўна, яго размяшчэннем на Дзвіне. Захоп горада адрэзаў бы Віцебск ад дзвінскага шляху, а ўсё паўночна-ўсходняе памежжа ВКЛ - ад цэнтра краіны. Аднак найважнейшым было тое, што Полацк перакрываў сувязь па Дзвіне з Інфлянтамі. Адсюль вельмі зручна было пагражаць інфлянцкай тэрыторыі, у тым ліку і далёкай Рызе - канчатковай мэце змагання Івана IV. У сваім абгрунтаванні выправы на Полацк маскоўскае кіраўніцтва называла чатыры прычыны. Першая з іх мела яўны ідэалагічны характар - дыскрымінацыя праваслаўнага насельніцтва з боку пратэстантаў-лютэран. Асаблівы рэлігійны каларыт полацкай выправе надавала ўзяцце маскоўскім царом з сабою крыжа Еўфрасінні Полацкай, які перад гэтым захоўваўся ў Смаленску. Тым самым абгрунтоўвалася справядлівасць акцыі, якая прымала характар вяртання святыні на сваё месца. Наступныя тры абгрунтаванні выправы на Полацк цалкам упісваюцца ў кантэкст тагачасных канфліктных маскоўска-літоўскіх адносін. Гэта ігнараванне літоўскім бокам царскага тытула Івана Грознага, сутыкненне інтарэсаў у Інфлянтах і нацкоўванне крымскіх татар на Маскоўскую дзяржаву, што засведчыў перахоп лістоў Жыгімонта Аўгуста ў Крым. Увага пры гэтым акцэнтавалася перш за ўсё на інфлянцкіх справах, дзе ў супрацьстаянні з ВКЛ Масква, безумоўна, прайграла першы этап барацьбы.

Рашэнне аб падрыхтоўцы вялікай выправы маскоўскага войска на ВКЛ было прынята ў верасні 1562 г. Усе мерапрыемствы павінны была праводзіцца ў строгай сакрэтнасці. Пачаткам выправы трэба лічыць 30 лістапада, калі з Масквы ў Мажайск выступіў цар Іван IV. Зрабіўшы там роспіс палкоў, ён вызначыў канчатковую дату збору на 5 студзеня 1563 г. у Вялікіх Луках.

Складаным і адкрытым для дыскусіі застаецца пытанне пра колькасць маскоўскага войска. Пасля супастаўлення розных данных і меркаванняў можна прыйсці да высновы, што актыўная частка войска складала не больш за 60 тыс. чалавек. Аднак у ім мелася і вялікая колькасць дапаможных сіл. Трэба таксама адзначыць, што ў войску было 150-200 гармат разнастайнага калібру. Што гэтаму вялізнаму войску змаглі супрацьпаставіць Літвіны. Колькасць узброеных людзей, якія трапілі пасля захопу Полацка ў маскоўскі палон, складала ўсяго 2 тыс. чалавек. Вядома, што тут знаходзіліся тры польскія наёмныя роты колькасцю 500 чалавек. У замку мелася ад 20 да 40 гармат.Пра збор маскоўскага войска ў Вялікіх Луках у памежных замках ВКЛ даведаліся ўжо на пачатку 1563 г. Аднак ліхаманкавыя спробы рады ВКЛ арганізаваць дапамогу Полацку пацярпели фіяска. Прадпісанні рады шляхта папросту праігнаравала. Падчас аблогі Полацка пад камандай гетмана было толькі 2 тыс. жаўнераў з Вялікага Княства і 1400 польскіх наймітаў. 3 такім малым войскам змагацца супраць маскоўскай навалы было немагчыма. Яно прастаяла ў бяздзейнасці на рацэ Чарніца ўвесь час аблогі і было вымушана адступіць перад небяспекай удару пераважных сіл непрыяцеля. Маскоўскія палкі падышлі да Полацка 31 студзеня 1563 г. і за кароткі час акружылі горад з усіх бакоў. Яго абаронцы адразу пачалі чыніць непрыяцелю перашкоды, абстрэльваючы яго пазіцыі і робячы баявыя вылазкі. Аднак ход падзей развіваўся яўна не на карысць палачан. Дапамога не падыходзіла, і 1 лютага 1563 г. полацкія ўлады вырашылі пайсці на перамовы з непрыяцелем. Яны прасілі спынення агню да 9 лютага 1563 г., каб высветліць, ці згодны палачане на здачу горада. Маскоўскае камандаванне выкарыстала перамовы для далейшага ўмацавання сваіх пазіцый вакол горада. Увесь гэты час царскія ратнікі набліжалі свае гарматы да сцен полацкага пасада. А ўвечары 7 лютага 1563 г. да Полацка падышла цяжкая артылерыя, якая адыграла ў далейшым галоўную ролю ў бамбардзіраванні крэпасці.

Страницы: 1, 2, 3, 4, 5



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.