Рефераты. Матэрыалы справаводства переяду Вялікага Літойскага(ХІV-XVIII ст.). "Літойськая метрыка"

Матэрыалы справаводства переяду Вялікага Літойскага(ХІV-XVIII ст.). "Літойськая метрыка"

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Матэрыялы справаводства перыяду Вялікага княства Літоўскага (XIV - XVIII ст.). «Лiтоўская метрыка»»

МИНСК, 2008

1. Агульная характарыстыка

Для вывучэння дакументаў справаводства Вялiкага княства Лiтоўскага iстотнае значэнне мае «Лiтоўская Метрыка» (ЛМ). Гэта, па-першае, - гiстарычная назва архiўных рукапiсных кнiг велiкакняжацкай (пазней - агульнадзяржаўнай) канцылярыi Вялiкага княства Лiтоўскага XV - XVII ст. Разам з тым «Лiтоўская Метрыка» - гэта i назва канкрэтнага фонду № 389, якi захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архiве старажытных актаў Расiйскай Федэрацыi ў Маскве (ЦДАСА), i гэты фонд уключае матэрыялы не толькi велiкакняжацкай канцылярыi, але i iншых дзяржаўных устаноў. Адначасова шэраг матэрыялаў, непасрэдна звязаных з дзейнасцю канцылярыi ВКЛ, захоўваецца у архiўным фондзе (Zbior. Tak zwana Metryka Litowska) Галоўнага архiва старажытных актаў (Archiwum Glowne Akt Dawnych - AGAD) у Варшаве. Апошнi з'яўляецца вынiкам дзейнасцi архiвiстаў XVIII ст., пераважна варшаўскiх, і адлюстроўвае адзiн са шматлiкiх этапаў упарадкавання матэрыялаў «Лiтоўскай Метрыкi».

Назва «Лiтоўская» - таксама ўмоўная. У найбольш старажытным з вядомых вопiсаў 1623 г. матэрыялы канцылярыi названы «Метрыкай Вялiкага княства Лiтоўскага». Вызначэнне «Лiтоўская» яны атрымалi ў XVIII ст. пад пяром варшаўскiх архiвiстаў, яго ўжываў i найбольш аўтарытэтны з iх - А. Нарушэвiч (1777 - 1787). Пецярбургскiя архiвiсты ўслед за апошнiм менавiта так называлi метрыку, тым больш, што такi тэрмiн быў неабходным, каб супрацьпаставiць яе «Кароннай».

Тэрмiн «метрыка» таксама ў пэўнай ступенi ўмоўны. Ён узнiк у сярэдневяковых канцылярыях i вызначаў кнiгi - копii дакументаў, якiя выйшлi з цэнтральных канцылярый. Пазней значная колькасць кнiг была страчана.

Такiм чынам, неабходна, па-першае, адрознiваць матэрыялы велiкакняжацкай канцылярыi i матэрыялы адпаведных архiўных фондаў; для гэтага трэба прасачыць гiсторыю апошнiх (найперш фонду № 389 ЦДАСА). Па-другое, неабходна вызначыць першапачатковы (кнiгi-арыгiналы) i сучасны склад «кнiг» «Лiтоўскай Метрыкi».

2. Канцылярыя ВКЛ i яе «кнiгi».

Першапачатковы i сучасны склад «кнiг»

Для паспяховага аналiзу крынiц, якія ўзнiклі ў вынiку дзейнасцi органаў кiравання, неабходна даследаванне эвалюцыi апошнiх ад моманту iх зараджэння ў форме дапаможнага кiруючага звяна да ўтварэння самастойнага iнстытута з дыферэнцыраванай спецыялiзацыяй. Пад канцылярыяй трэба разумець установу (дзяржаўную, царкоўную цi прыватную), якая мае ўнутраны субардынацыйна-iерархiчны падзел упраўленчай i выканаўчай працы, уласную арганiзацыйна-функцыянальную структуру, асноўнай гiстарычнай функцыяй якой з'яўляецца пасрэднiцтва цi ўдзел у ажыццяўленнi дзяржавай (царквой цi прыватнай асобай) гаспарадча-выканаўчай дзейнасцi - кiравання.

Цэнтральны апарат дзяржаўнага кiравання Вялiкага княства Лiтоўскага ў XV - XVI ст. развiваўся iмклiвымi тэмпамi. Адно з яго звёнаў - велiкакняжацкая канцылярыя - хутка набыла агульнадзяржаўны характар i выконвала шматлiкiя складаныя функцыi цэнтральнай дзяржаўнай установы. У канцылярыi Вялiкага княства Лiтоўскага таксама, як i ў iншых канцылярыях дзяржаў позняга сярэднявечча, здымалiся копii выданых (выходных) i атрыманых (уваходных) дакументаў. Пры гэтым, як адзначаў буйнейшы даследчык ЛМ М. Беражкоў, выходныя дакументы велiкакняжацкай улады, а таксама паступаўшыя дыпламатычныя акты выпiсвалiся ў канцылярыi з адносна большай паўнатой, чым iншыя (якiя фiксавалiся выбарачна цi ў залежнасцi ад важнасцi iх зместу). Копii прызначалiся як для патрэб бягучай дзейнасцi канцылярыi, так i для захаванасцi звестак дакументаў на больш працяглы час. Выключнай асаблiвасцю канцылярыi Вялiкага княства Лiтоўскага, пазней названай «Лiтоўскай Метрыкай», з'яўляецца тое, што яна па сваім функцыянальным прызначэнні падмяняла дзяржаўны архiў (якi ў ВКЛ так i не быў створаны - арыгiналы дакументаў агульнадзяржаўнага значэння канцэнтравалiся i захоўвалiся ў прыватных руках).

У другой палове XVI ст. канцылярыя Вялiкага княства Лiтоўскага заставалася яшчэ дапаможна-выканаўчай установай. У межах канцылярыi складалiся ўмовы для яе падзелу на ведамствы па сферах дзеяння. Адсутнiчала кіраўніцка-выканаўчая спецыялiзацыя. У момант ад'езду вялiкага князя ў Карону Польскую яна (магчыма) падзялялася на дзве самастойныя часткi. Першая ўключала найбольш вопытных i заслужаных пiсараў (па сутнасцi, саветнiкаў вялiкага князя) i накіроўвалася за iм у Карону. Праз яе Жыгiмонт Стары ажыццяўляў кіраванне знешняй i ўнутранай палiтыкай ВКЛ. Лiсты (гаспадарскiя прывiлеi) выдавалiся ў залежнасцi ад месцазнаходжання вялiкага князя. Апошняя акалiчнасць дазволiла М. Беражкову скласцi «Iтынерарый вялiкiх князёў лiтоўскiх» (ітынерарый - дзённік падарожжаў). Сапраўды, доўгачасовая адсутнасць гаспадароў у Лiтве патрабавала аператыўнага вырашэння найважнейшых праблем дзяржавы ў межах адной кампактнай установы, што складалася з вузкага стабiльнага кола давераных асоб, якiя трымалi на кантролi ўсе падзеi ў княстве.

Другая частка (яе наяўнасць гiпатэтычная) функцыянiравала ў Вiльнi. Яе магчымае iснаванне спарадзiла версiю аб тым, што падзел кнiг на два тыпы (арыгiналы i копii) узнiк менавiта ў вынiку ад'езду вялiкага князя з часткай канцылярыi i далейшай перапiскай з «часовых» кнiг у «пастаянныя». Да апошнiх падключылася i блытанiна ў храналогii запiсаў.

У 1946 г. савецкi гiсторык М. Беражкоў пераканаўча даказаў, што «кнiгi» канца XVI - пачатку XVII ст. не з'яўляюцца адэкватнымi арыгiнальным «кнiгам» канцылярыi Вялiкага княства Лiтоўскага, а ўзнiклi ў вынiку капiравання. Але пры гэтым М. Беражкоў памылкова лiчыў, што дакументы ў дзяржаўнай канцылярыi перапiсвалiся ў «кнiгi»: на яго мела пэўнае ўздзеянне сама назва - «кнiгi». Фактычна ж у канцылярыi дакументы перапiсвалiся на асобных лiстах цi некалькiх лiстах («сшытках»). Гэтыя лiсты з часам складвалiся, з iх фармiравалiся «кнiгi». Аднак назiраўся i iншы працэс: з цягам часу, у ходзе работы асобныя часткi гэтых «кнiг» перамешвалiся памiж сабой, а ў канцы XVI ст. без папярэдняй распрацоўкi былi перапiсаны ў кнiгi-копii.

Гэта закранула наступны склад «кнiг»:

«Кнiгi данiн» («даніны» - спецыфічная назва падараванняў - «пажалаванняў» вялікага князя), якiя першапачаткова (пры Казiмiры i Аляксандры) з'яўлялiся адначасова i кнiгамi спраў судовых. Сярод дакументаў, што запiсвалiся ў гэтыя кнiгi, найперш адзначым данiны заканадаўчага характару: прывiлеi, агульназемскiя, абласныя, гарадам, этнiчным i канфесiйным групам насельнiцтва. Асобных кнiг для запiсу дакументаў заканадаўчага характару ў XV ст. не было. Пераважную большасць запiсаў у кнiгах данiн складаюць дакументы на зямельныя ўладаннi i на правы, непасрэдна звязаныя з землеўладаннем.

Сюды можна аднесцi: лiсты аб дараваннi зямельных уладанняў феа-далам розных рангаў, аб «дачы» ўладальнiкам маёнткаў правоў на засна-ванне кірмашоў i таргоў, на трыманне карчмы, на спагнанне мыта i г. д.

У кнігі ўпiсвалiся таксама дакументы аб падараваннi i пацвярджэннi пасад, але гэтых дакументаў на першым часе iснавання было няшмат, магчыма, прызначэннi рабiлiся ў вуснай форме.

2. «Кнiгi спраў судовых» гаспадара i паноў-рады пачалi весцiся асобна ад кнiг данiн з пачатку княжэння Жыгімонта I з лiстапада 1506 г. У загалоўках першых кнiг вызначаецца прысутнасць дзвюх фармальных катэгорый матэрыялаў: «лiстоў» i запiсаў «пра памяць»:

а) «лiсты», напiсаныя ад iмя гаспадара. Найперш i галоўным чынам гэта лiсты-прыгаворы, якiя давалiся супрацьстаячым бакам пасля разбору справы па сутнасцi. У iх былі звесткi аб ходзе разгляду i аб рашэннi, вынесеным гаспадаром сумесна з панамi-радай, цi ў выключным
выпадку - гаспадаром аднаасобна. Упiсваліся ў кнiгу i iншыя гаспадарскiя «лiсты»: аб адтэрмiноўцы справы i г. д.;

б) запiс «пра памяць» - гэта пратакол разбору справы цi асобны момант гэтай справы (напрыклад, няяўка аднаго з бакоў да прызначанага тэрмiну). Цiкава, што калi ў кнiзе прысутнiчае запіс «пра памяць», то аднолькавы па змесце з ёю «лiст» адсутнiчае i наадварот.

3. «Кнiгi арэнд». Асноўны iх змест складаюць дакументы адносна продажу (гэта значыць аддачы ў арэнду, на водкуп мыт, карчмы i г. д.). Непасрэдна гэта лiсты мясцовых адмiнiстрацый аб «продажу», якi адбыўся з выкладаннем яго зместу, акты аб прыняццi «лiчбы» (гэта значыць справаздачы арандатараў).

4. «Рэестры «отправ» - гэта пералік данін грашыма, харчамі і рэчамі са сродкаў скарбу «князем і панам і дворяном і земяном і всим, кому што гаспадар дал». Пераважна гэтыя даніны, хоць і даваліся з цэнтра, але з мясцовых сродкаў скарбу (з паступлення мыт, «він» і г. д. на месцах). У запісе гаварылася, што, каму і за што падаравана і з якой крыніцы павінна быць зроблена выдача. З расходных кніг скарбу першай паловы XVI ст. захавалася яшчэ кніга выдаткаў на татар.

5. «Кнігі пасольстваў» - тут канцэнтравалiся дакументы аб зносінах ВКЛ з іншымі дзяржавамі: уласна «пасольствы» - г. зн. прамовы паслоў літоўскіх і іншаземных, «навукi» паслам («настаўленні»), «верующие» (зараз вярыцельныя граматы) лісты паслам і «глейтовные» (ахоўныя лісты), адказы паслам, лісты бягучай дыпламатычнай перапіскі. Сустракаюцца ў кнігах запісы неістотнага зместу: напрыклад, аб колькасці слуг і коней, дадзеных паслам. У невялікай колькасці ёсць дыпламатычныя дакументы, у якіх ВКЛ не з'яўляецца баком-удзельнікам, але ў змесце якіх яно было зацікаўлена.

Пашырэнне сферы дзейнасцi, набыццё новых функцый i рост патоку дакументацыi, якую апрацоўвала канцылярыя ВКЛ, абумовiлi неабходнасць удасканалення як самой сiстэмы справаводства, так i падрыхтоўкi дакументацыi канцылярыi ВКЛ для доўгатэрмiновага захоўвання. Мiж тым дакументы канцылярыi на пачатку XVI ст. зберагалiся ў некалькiх месцах, i да канца гэтага стагоддзя вонкавы стан кнiг ЛМ быў кепскi. Да таго ж далучылася i частае ўжыванне, кнiгi пачалi псавацца i часткова спарахнелi.

Па загадзе канцлера Льва Сапегi з 1594 г. дзякi пачалi перапiсваць кнiгi Метрыкi. Праца вялася 14 год (1594 - 1607 гг.). У вынiку перапiскi з'явiлася каля 190 новых кнiг - копiй «Лiтоўскай Метрыкi». Перапiска дакументацыi кнцылярыi ВКЛ у кнiгi-копii праводзiлася без яе папярэдняй апрацоўкi i сiстэматызацыi, у вынiку чаго для кнiг-копiй, асаблiва для тых, што ахоплiвалi дакументацыю канца XV - XVI ст., характэрна вiдавая i храналагiчная непаслядоўнасць тэкстаў дакументаў.

Арыгiналы дакументаў канцылярыi былi складзены на захаванне ў Вiленскiм скарбе, а копii - у прыватнаўласнiцкiм доме ў Вiльнi. Апошняя акалiчнасць, можна меркаваць, выратавала кнiгi-копii. Арыгiнальныя кнiгi Метрыкi за XV - XVI ст. у большасцi сваёй загiнулi падчас страшных для Беларусi войнаў сярэдзiны XVII ст. Так, падчас акупацыi шведамi значнай часткi Рэчы Паспалiтай шведы вывезлi Метрыку да сябе. Праўда, па ўмовах Олiўскага мiру 1659 г. частку яе вярнулi, але частка патанула ў Балтыйскiм моры. Частка кнiг загiнула i пры ўзяццi Вiльнi рускiмi войскамi ў 1655 г. Нягледзячы на неаднаразовыя сеймавыя пастановы аб пошуку гэтых кнiг, яны так i не былi знойдзены.

Страницы: 1, 2



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.