Рефераты. Раннефеадальнае грамадства на Беларус

p align="left">Да гэтага часу Еўропа ўжо стала хрысціянскай, нават суседнія славянскія дзяржавы - Польша, Чэхія прынялі новую рэлігію як дзяржаўную. Каб не быць ізаляванымі, Уладзімір вырашае таксама прыняць хрысціянства. Бліжэйшы хрысціянскі цэнтр - Канстантынопаль - ён жа і галоўны палітычны ігрок у рэгіёне. Таму менавіта з Візантыі Уладзімір запрасіў місіянераў, а не з далёкага і аслабленага Рыму. Але прыняцце новай рэлігіі патрабавала адмовіцца ад некаторых паганскіх з'яў, у тым ліку мнагажэнства. Тым часам палітычны саюз з Візантыяй добра было падмацаваць шлюбным саюзам. Уладзімір адсылае сваіх жонак, прымае хрысціянства і бярэ шлюб з візантыйскай прынцэсай Ганнай. У тым жа годзе (988) Рагнеду пасля няўдалага замаху на жыццё мужа адсылаюць разам з малалетнім сынам Ізяславам у Полацкае княства. Ізяслаў, як прамы нашчадак Рагвалода, адраджае самастойную дынастыю полацкіх князёў, а Рагнеда прымае новую веру, пастрыгаецца ў манахіні і жыве да 1000 г. у пабудаваным для яе горадзе Заслаўлі, названым так у гонар яе сына.

ІЗЯСЛАЎ княжыў у Полацку прыкладна з 988? па 1001 гг. Гэта быў адукаваны князь, які клапаціўся аб распаўсюджанні хрысціянства і адукацыі ў сваім княстве, за гэта яго празвалі “князь-кніжнік”. Праз два гады пасля смерці бацькі на полацкі прастол узышоў малалетні БРАЧЫСЛАЎ ІЗЯСЛАВАВІЧ (1003-1044 гг.). Менавіта пры гэтым князе Полацкая дзяржава пачала сваё хуткае ўзвышэнне і дасягнула найвялікшай палітычнай вагі. Але спачатку Брачыславу трэба было падрасці. У 1021 г. Брачыслаў выступае супраць свайго роднага дзядзькі, наўгародскага князя Яраслава Ўладзіміравіча (Мудрага), захоплівае Ноўгарад і выводзіць у Полацк мноства палонных з маёмасцю. Яраслаў у горадзе адсутнічаў, ён спяшаецца перахапіць Брачыслава і ў бітве на рацэ Судаміры вялікімі намаганнямі перамагае палачан. У той жа год (1021) было падпісана пагадненне паміж Яраславам і Брачыславам, згодна з якім да Полацкага княства адыходзілі Віцебск і Ўсвяты (гэтыя гарады кантралявалі валокі на галоўным адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі), больш таго, кіраўніцтва Кіевам да 1026 г. ажыццяўлялі абодва князя праз сваіх намеснікаў. Калі ў 1026 г. Яраслаў Мудры стаў вялікім кіеўскім князем, Брачыслаў супраць не выступіў - кантроль над галоўнай гандлёвай артэрыяй усё роўна ажыццяўляў Полацк, і менавіта гэтае вызначала вядучае становішча Полацкай дзяржавы ў той час сярод усходніх славян.

Брачыслаў тым часам актыўна пашыраў межы княства ў паўднёвым і заходнім напрамках, у першую чаргу падпарадкоўваліся землі, што ляжалі уздоўж Заходняй Дзвіны. На захадзе княства межавалася з землямі балцкіх плямёнаў, якія не мелі яшчэ сваёй дзяржавы і гарадоў. Таму палачане засноўвалі на заходніх землях свае пасяленні. Так у гонар Брачыслава быў заснаваны горад Браслаў (упершыню ўзгаданы пад 1065 г.), на Дзвіне заснаваны гарады Герцыке і Кукейнос. Часта балцкія кунінгасы рабілі рабаўніцкія набегі на славянскія паселішчы з мэтай рабаўніцтва, і тады збіраліся вялікія паходы ўсходнеславянскіх князёў на “Літву”. У 1040 г. на “Літву” хадзілі са сваімі дружынамі Яраслаў Мудры і Брачыслаў.

Яшчэ ў 1029 г. у Брачыслава нарадзіўся сын - УСЯСЛАЎ, пазней празваны Чарадзеем. З 1044 па 1101 гг. ён кіраваў Полацкім княствам. У спадчыну Ўсяславу дасталася моцная дзяржава і вялікія грашовыя сродкі, а так сама палітычны аўтарытэт кіраўніка магутнага княства.

У 1054 г. памірае Вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Ён пакідае 7 нашчадкаў, а каб старэйшыя з іх не прыцяснялі малодшых, завяшчае полацкаму князю быць гарантам выконвання ўмоў свайго тэстаменту. Амаль 10 год працягвалася мірнае суіснаванне дзвюх старажытнарускіх дынастый - Рагвалодавічаў і Яраславічаў. Але ў 1065 г. пачынаецца барацьба Ўсяслава з Кіевам і Ноўгарадам, якімі валодалі старэйшыя Яраслававы сыны. Усяслаў спрабаваў захапіць Пскоў, але няўдала. У наступным годзе (1066) Усяслаў захапіў і разрабаваў Ноўгарад, вывез з наўгародскага Сафійскага сабору царкоўныя рэчы для пабудаванага раней ў Полацку трэцяга ва ўсходніх славян Сафійскага сабора.

Зімой наступнага 1067 г. кааліцыя Яраславічаў арганізавала паход на Полацкае княства. Быў спалены Мінск, каля яго на р.Нямізе адбылася галоўная бітва паміж Яраславічамі і Усяславам, дзе апошні быў разбіты. Каб перадухіліць разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў згадзіўся на перамовы. Але пад час іх ён быў узяты ў палон і вывезены з двума сынамі ў Кіеў. Неўзабаве ў Кіеве адбылося паўстанне гараджан, кіеўскі князь быў выгнаны, а Усяслаў вызвалены і пастаўлены на кіеўскі прастол. Толькі сем месяцаў ён быў кіеўскім князем. Да горада падступіў выгнаны Ізяслаў Яраславіч з войскам свайго цесця, польскага караля Баляслава. Усяслаў вымушаны быў адысці да Полацка, але Ізяслаў выгнаў яго і адтуль. З 1069 па 1071 гг. у Полацку сядзелі сыны Ізяслава Яраславіча - Мсціслаў і Святаполк. Усяслаў збіраў сілы на тэрыторыі прыбалтыйскага племені водь. Толькі ў 1071 г. ён аднавіў свой кантроль над Полацкай дзяржавай. Больш да самай смерці Усяслаў Чарадзей не прадпрымаў ваенных аперацый супраць Яраславічаў, і нашчадкі Яраслава таксама не турбавалі палачан. Гэтыя 30 год міру сталі перыядам упарадкавання дзяржаўнага ладу княства, перыядам гаспадарчага росквіту, росту гарадоў. На тэрыторыі княства было 35 гарадоў, а самы вялікі - Полацк налічваў да 10 тысяч жыхароў. Самыя вялікія гарады сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў.

На прыканцы XI ст. адбылося некалькі з'ездаў усходнеславянскіх князёў (у Любечы, Увецічах, каля Долабаўскага возера), на якіх яны вырашылі - “кожны трымае вотчыну сваю”. Гэта стала пачаткам феадальнага драблення Кіеўскай Русі. Полацкія князі не прымалі ўдзелу ў з'ездах, бо яшчэ пры жыцці Усяслаў сам падзяліў сваё княства на ўдзелы паміж шасцю сынамі. Галоўны ўдзел - Полацкі - дастаўся Рагвалоду (у хрышчэнні Барысу), Мінскі - Глебу. Апошні атрымаў ад бацькі не толькі Мінск, але і турботны характар. Глеб стаў праводзіць актыўную палітыку. У 1116 г. ён здзейсніў паход на Слуцк, што быў пад кантролем Кіева (уваходзіў у Тураўскае княства), адбіў паходы паўднёварускіх князёў на Мінск, Оршу і Копысь. У наступным годзе (1117) Глеб ваяваў са Смаленскам і Ноўгарадам. Як і ў выпадку з Усяславам, гэтая актыўнасць мінскага князя выклікала вялікі паход рускіх князёў на Мінск. У 1119 г. Мінск быў асаджаны, Глеб узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб, дзе і памёр пры загадкавых абставінах. Нягледячы на гэтую паказальную расправу, нашчадкі Усяслава (полацкая дынастыя) кожны раз падкрэслівалі сваю незалежнасць, у прыватнасці, адказваліся ўдзельнічаць у аб'яднаных паходах на полаўцаў, якія дапякалі паўднёварускім княствам. Вялікі кіеўскі князь Мсціслаў у 1129 г. арганізаваў паход 7 рускіх князёў на Полаччыну. Пад час паходу былі схоплены ўсе ўдзельныя полацкія князі разам з сем'ямі і ў той жа год адпраўлены ў выгнанне ў Візантыю пад нагляд імператара Івана II, зяця Мсціслава. Усяславічы прымалі актыўны ўдзел у войнах супраць сарацын чым заваявалі пашану імператара. Пасля смерці ў Кіеве Мсціслава (1139), у жывых з полацкай дынастыі засталіся Васіль і Іван, якія вярнуліся на радзіму.

У Полацку за дзесяцігоддзе з 1129 па 1139 гг. адбыліся значныя змены. У адсутнасць нашчадкаў Усяслава значна вырасла роля гарадскога веча - агульнага сходу палачан і жыхароў полацкай зямлі, што вырашалі розныя пытанні жыцця і кіравання дзяржавай. Так, ужо ў 1132 г. на полацкі трон вечам быў абраны Васілька, які належыў да полацкай дынастыі, але з 40-х гг. Полацкая зямля вярнулася да былых выгнаннікаў. Але веча таксама існавала і ўмацоўвала свае пазіцыі. Акрамя Полацка яно існавала і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі - Друцкім, Віцебскім, Менскім, Заслаўскім, Лагойскім. Вялікую палітычную ролю ў Полацку адыгрываў і епіскап - глава хрысціянскай епархіі.

Роля веча была вельмі значнай. Яно кантралявала дзейнасць князя, запрашала ці выганяла кіраўніка дзяржавы. Веча вырашала пытанні вайны і міру, ад яго імя заключаліся мірныя і гандлёвыя пагадненні, ажыццяўляўся вышэйшы суд (веча - апошняя апеляцыйная інстанцыя). Але і княжаская ўлада заставалася значнай. Князь кіраваў дружынай і гарадскім апалчэннем, забяспечваў абароназдольнасць дзяржавы. Князь узначальваў адміністратыўна-упраўленчы апарат дзяржавы а таксама ажыццяўляў суд. Полацкі князь мог раздаваць воласці іншым князям-васалам. Рэзідэнцыя князёў была вынесена за межы Полацка - ў Бельчыцы, дзе так сама быў заснаваны Барысаглебскі манастыр, пабудаваны вялікія княжаскія палаты.

Двоеўладдзе (князь-веча) было вынікам гаспадарчага і сацыяльнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальны ўклад перамагаў родаплемянныя адносіны. На першы план ў грамадстве выходзілі баяры і дружыннікі, што ўжо станавіліся феадаламі, уладальнікамі вотчын і залежных сялян. Сярод князей з'яўляюцца “старэйшыя” і “малодшыя” - васалы старэйшых. У гарадах засноўваліся першыя “братчыны” - арганізацыі купцоў і рамеснікаў, на чале якіх стаялі найбольш уплывовыя гараджане. Так інтарэсы новых класаў усё часцей не супадалі з інтарэсамі княжацка-партыярхальнай вярхушкі.

У 1151 г. адбылося першае выступленне полацкага веча супраць князя. Рагвалод Барысавіч выгнаны, на трон запрошаны мінскі князь Расціслаў Глебавіч, але не надоўга. Ужо ў 1158 г. у Полацак вярнуўся Рагвалод. А ў 1162 г. веча запрасіла на княжэнне Ўсяслава Васількавіча з Віцебска, які правіў да 1186 г. У гэты час адбываецца хуткае драбленне Полацкай зямлі на ўдзелы і, суадносна, распачынаюцца міжусобныя сутычкі паміж Рагвалодавічамі. Усё гэта значна паслабляла былую магутную дзяржаву крывічоў. Ужо ў хуткім часе з'явяцца нямецкія рыцары, ваяўнічасць якіх паставіць існаванне ўдзельных княстваў Полацкай зямлі пад пытанне.

У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр'еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з'яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна - Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў - Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.

Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. - Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік - у тым жа годзе (1237) адбылося аб'яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб'яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.

Страницы: 1, 2, 3



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.