Рефераты. Утварэнне Беларуская ССР

p align="left">Тым больш што камуністы-беларусы, якія ўваходзілі ў склад Белнацкома і белсекцый РКП(б), з моманту вызвалення беларускіх зямель ад нямецкай акупацыі пачалі ставіць перад ЦК РКП(б) і ўладамі Заходняй вобласці пытанне аб утварэнні Беларускай савецкай рэспублікі. Аднак першыя на такія звароты ніяк не рэагавалі, а другія ўвогуле ацанілі захады беларускіх камуністаў як контррэвалюцыйную з'яву. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха лічыла, што існаванне нацыянальных рэспублік раз'ядноўвае сілы працоўных і наносіць шкоду інтарэсам сусветнай рэвалюцыі.

Трэба адзначыць, што ў прынцыпе пазіцыя членаў ЦК РКП(б) не вельмі адрознівалася ад поглядаў дзеячаў Аблвыкамзаха. Нацыянальнае пытанне было непапулярнае сярод кіраўніцтва бальшавікоў і ў праграме партыі заўсёды падпарадкоўвалася інтарэсам класавай барацьбы і сусветнай рэвалюцыі. Аднак цэнтральнае кіраўніцтва ў Маскве ў адрозненне ад абласной улады ў Смаленску на нацыянальную, у тым ліку і беларускую, праблему глядзела шырэй. У пазіцыі У.Леніна і яго бліжэйшых паплечнікаў было менш дагматызму. Яны ў многім па-іншаму бачылі інтарэсы рэвалюцыі ў кожны бягучы момант і таму выяўлялі больш гнуткасці ў нацыянальным пытанні. Імклівая змена пазіцыі Масквы адносна ўтварэння Беларускай савецкай рэспублікі - яскравае сведчанне таму, як ленінскі ўрад мяняў сваю палітыку ў залежнасці ад тых ці іншых падзей на знешнепалітычнай арэне.

23 снежня 1918 г. у Маскве праходзіла пасяджэнне камісіі УЦВК, на якой адбылося юрыдычнае афармленне Заходняй вобласці як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі РСФСР. Вярнуўшыся пасля гэтага ў Мінск, старшыня Аблвыкамзаха А.Мяснікоў не толькі не паведаміў іншым членам камітэта аб магчымасці расфарміравання вобласці, але, наадворот, з энтузіязмам расказаў аб планах яе пашырэння за кошт Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губерняў.

Такім чынам, галоўнай прычынай імклівага абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублікі ў канцы 1918 г. з'явіліся неспрыяльныя для савецкай Расіі знешнепалітычныя абставіны. У канцы 1918 г. небяспека вайны з капіталістычнымі краінамі стала канчаткова відавочнай. У Польшчы ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады прыйшлі сілы, якія пры падтрымцы Антанты і ЗША ўзялі курс на падрыхтоўку ваеннай інтэрвенцыі ў Расію. У гэтых абставінах ЦК РКП(б) прыйшлося тэрмінова выпрацоўваць новую палітыку - палітыку абароны. Было прызнана неабходным стварэнне ўздоўж заходняй граніцы РСФСР бар'ера з фармальна незалежных савецкіх рэспублік. У адпаведнасці з гэтым планам і былі ўтвораны Прыбалтыйскія рэспублікі. Апошнім акном на граніцы з Польшчай, якое трымалі адкрытым на ўсялякі выпадак, заставалася Беларусь.

1918 г., абвясціла сябе I з'ездам КП(б) Беларусі і прыняла пастанову аб утварэнні Беларускай ССР.

Часовы рабоча-сялянскі ўрад узначаліў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч З.Жылуновіч (Ц.Гартны). У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. 8 студзеня Часовы ўрад і ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск. Кіраўніцтва рэспублікі пачало падрыхтоўку да I Усебеларускага з'езда саветаў. Яго адкрыццё было прызначана на 2 лютага [4, с.478].

Відавочна, што ўтварэнне беларускай дзяржавы было з'явай фармальнай, выконвала пэўную зненшепалітычную задачу і падпарадкоўвалася рэвалюцыйнай мэтазгоднасці. Этнічныя, эканамічныя, культурныя і іншыя аспекты да ўвагі не прымаліся. Аднак не ўсе ўдзельнікі працэсу абвяшчэння рэспублікі ў той час гэта разумелі. Для камуністаў-беларусаў рэспубліка мела самастойную каштоўнасць: з'яўлялася здзяйсненнем спрадвечнай мары беларускага народа аб уласнай дзяржаўнасці. У выніку I з'езд КПБ, які пастанавіў абвясціць Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі, дастаткова сур'ёзна падышоў да пытання адносна тэрыторыі рэспублікі, вызначыўшы яе граніцы ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама асобных раёнаў Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў.

Аднак адразу пасля таго, як удзельнікі з'езда раз'ехаліся на месцы, з шэрагу губерняў у ЦК РКГІ(б) пайшлі лісты з пратэстамі супраць утварэння БССР і іх уключэння ў склад рэспублікі. 9 студзеня 1919 г. Віцебскі губернскі партыйны камітэт дэлегіраваў у Маскву свайго прадстаўніка для пастаноўкі пытання аб выключэнні губерні са складу БССР і далучэнні да РСФСР. Сваю пазіцыю ён абгрунтоўваў тым, што губерня эканамічна не звязана з Беларуссю; насельніцтва не ведае беларускай мовы; тут наогул «няма беларускай культуры». Такія ж звароты прынялі ўлады Магілёўскай і Смаленскай губерняў.

Пазіцыя губернскіх улад супраць уваходжання ў склад Беларускай ССР як нельга лепш супала, а можа, і прадвызначыла новае рашэнне ЦК РКП(б) адносна Беларускай савецкай рэспублікі. 16 студзеня 1919 г. вышэйшы партыйны орган без папярэдняга абмеркавання з урадам БССР і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую, Смаленскую губерні. Крыху пазней Масква паведаміла кіраўніцтву рэспублікі яшчэ адно сваё рашэнне: правесці аб'яднанне Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. Зноў неспрыяльная знешнепалітычная сітуацыя стала галоўнай прычынай усіх гэтых змен.

5 Літоўска-Беларуская савецкая рэспубліка

Зімой 1918-1919 гг. Польшча ўсё мацней пачала заяўляць аб сваіх прэтэнзіях на беларускія землі. Яна адмовілася прызнаць БССР і актыўна рыхтавалася да ваеннай інтэрвенцыі. Між тым стомленай і спустошанай вайной Расіі быў патрэбны мір. Урад РСФСР імкнуўся пазбегнуць канфлікту любымі сродкамі, нават за кошт страты тэрыторый. Польшчы прапаноўваліся мірныя перагаворы і вырашэнне ўсіх спрэчных тэрытарыяльных пытанняў на яе карысць. Зразумела, што, трымаючы перад сабой магчымасць ахвяравання беларускімі землямі, бальшавікі не хацелі рызыкаваць усімі тэрыторыямі, заўчасна ўключыўшы большую іх частку ў склад РСФСР. Другой прычынай выключэння беларускіх губерняў са складу БССР стала жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы тэндэнцыі развіцця нацыянальнага руху. З Масквы ўважліва сачылі за магчымым ростам сепаратысцкіх настрояў на месцах. Унутрыпалітычная сітуацыя, якая складвалася ў рэспубліцы (канфлікт паміж групамі А.Мяснікова і Зм.Жылуновіча), а таксама імкненне Аб рашэнні ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў і яго прычынах членам ЦБ КП(б)Б было аб'яўлена 22 студзеня 1919 г. Зрабіў гэта спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А.Іофэ. Адзначыўшы знешнепалітычны аспект пытання, ён засяродзіў увагу на небяспечных момантах існавання нацыянальных рэспублік - яны давалі магчымасць «развіцця ў значнай ступені нацыяналістычна-шавіністычным памкненням». Каб пазбегнуць гэтай пагрозы, прадстаўнік ЦК РКП(б) прапанаваў абмежаваць памеры Беларускай рэспублікі «геаграфічна неабходнымі граніцамі», г. зн. Мінскай і Гродзенскай губернямі.

Ідэя абмежавання тэрыторыі рэспублікі не была ўспрынята ні групай А.Мяснікова, ні прыхільнікамі Зм.Жылуновіча. Доказы былых работнікаў Аблвыкамзаха сведчаць, што яны баранілі не тэрытарыяльную цэласнасць Беларускай рэспублікі, а Заходнюю вобласць.

Адначасова, аднак зыходзячы ўжо з зусім іншых меркаванняў, у ЦК РКП(б) з пратэстам супраць абмежавання тэрыторыі рэспублікі звярнуліся члены беларускага ўрада з ліку камуністаў-беларусаў, якія прыбылі ў Мінск разам са Зм.Жылуновічам. Зварот з просьбай аб адмене рашэння ЦК РКП(б) падпісалі Зм.Жылуновіч, А.Квачанюк, З.Чарнушэвіч, В.Дыла, Ф.Шантыр, В.Фальскі, А.Чарвякоў і І.Пузыроў. У сваім лісце ў ЦК РКП(б) яны адзначалі, што выдзяленне Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў «карэнным чынам змяняе ўсю палітычную сітуацыю, грунтуючыся на якой толькі і магло быць станоўча вырашана беларускае пытанне». Беларускія камуністы абвінавачвалі кіраўніцтва кампартыі ў тым, што пастанова ЦК парушае абвешчаныя раней прынцыпы свабоднага самавызначэння народаў і будзе мець адмоўны ўплыў на жыццё беларускага пралетарыяту і сялянства [8, с.134].

Кіраўніцтва БССР да апошняга адстойвала сваю пазіцыю:.накіравала ў Маскву дэлегацыю, якая дамаглася сустрэчы з Леніным і іншымі членамі ўрада, праводзіла адпаведную работу з губернскімі ўладамі, спрабуючы пераканаць іх перамяніць сваё рашэнне, адстойвала сваю самастойнасць у вырашэнні пытанняў унутранага жыцця.

Незалежная пазіцыя беларускага кіраўніцтва выклікала канфлікт паміж членамі ЦБ КП(б)Б і прадстаўніком ЦК РКП(б).

Адмова ЦБ КП(б)Б бясспрэчна выканаць загад цэнтральнага органа аб абмежаванні тэрыторыі рэспублікі дорага каштавала кіраўніцтву БССР. Масква ў гэтым канфлікце поўнасцю падтрымала дзеянні А.Іофэ і нават выказала шкадаванне, што той «праводзіць мяккую палітыку ў адносінах да ЦБ». А.Мяснікоў пад пагрозай партыйнага суда быў адкліканы з Беларусі, а астатнія члены ЦБ атрымалі толькі другарадныя пасады ва ўрадзе Літоўска-Беларускай Рэспублікі.

Кіраўніцтва БССР было вымушана выканаць пастанову вышэйшага партыйнага органа. Рашэнне ЦК РКП(б) было праведзена ў савецкім і партыйным парадку. I Усебеларускі з'езд (2-3 лютага 1919 г.) пагадзіўся з вылучэннем Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў са складу БССР і прызнаў неабходным аб'яднанне Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік. Адпаведныя рашэнні былі затым прынятыя на канферэнцыі КПЛіБ і на I з'ездзе саветаў Літвы. У склад Літоўска-Беларускай рэспублікі ўвайшлі Мінская, Гродзенская, Віленская і Ковенская губерні.

Нягледзячы на тое што ўсе планы маскоўскага кіраўніцтва адносна Беларусі і Літвы былі рэалізаваны ў поўнай меры, пазбегнуць вайны з Польшчай не атрымалася. Ужо ў жніўні 1919 г. тэрыторыя Літоўска-Беларускай ССР была поўнасцю занята польскімі войскамі. У такіх умовах рэспубліка працягвала існаваць толькі фармальна, каб не даць падстаў для абвінавачвання бальшавікоў у анексіянісцкіх памкненнях [2, с.110].

6 Другое абвяшчэнне БССР

Масавая ўзброеная барацьба рабочых і сялян Беларусі супраць акупантаў, супраціўленне ўсім эканамічным, палітычным і культурным мерапрыемствам польскай адміністрацыі, актыўная дапамога Чырвонай Арміі адыгралі значную ролю ў вызваленні Беларусі. Ваенныя поспехі бальшавікоў летам 1920 г. паставілі на парадак дня пытанне аб паўторным абвяшчэнні Беларускай савецкай рэспублікі.

Як і ў канцы 1918 г., беларускае пытанне звязвалася з палітычнай сітуацыяй у Еўропе і перспектывай сусветнай рэвалюцыі. Аднаўленне Беларускай рэспублікі мела вялікае значэнне. Чырвоная Армія станавілася ў вачах польскага і іншых народаў вызваліцельніцай прыгнечаных нацый. Яшчэ адной прычынай паўторнага абвяшчэння Беларускай рэспублікі была папулярнасць ідэі савецкай Беларусі сярод камуністаў-беларусаў, якія яшчэ ў маі 1920 г. пачалі ставіць перад ЦК РКП(б) пытанне аб яе аднаўленні.

Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай рэспублікі быў створаны 30 ліпеня 1920 г. У яго склад увайшлі: А.Чарвякоў - старшыня, В.Кнорын -намеснік старшыні, І.Адамовіч - кіраўнік вайсковымі справамі, І.Клішэўскі -сакратар ваенрэўкома. Членамі ВРК сталі: А.Вайнштэйн - ад Бунда, У.Ігнатоўскі - ад БКА. Ад беларускіх левых эсэраў абмяркоўвалася кандыдатура А.Трафімава, але калі было выяўлена поўнае непрызнанне левымі эсэрамі палітыкі савецкай улады, было прынята рашэнне прадстаўніка гэтай партыі ў склад ваенрэўкома не ўключаць.

31 ліпеня 1920 г. Ваенрэўком Беларускай рэспублікі, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі кампартыі, БКА, Бунда і Цэнтральнага Бюро прафсаюзаў Мінска, выдаў «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі». Да склікання з'езда саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў уся дзяржаўная ўлада ў рэспубліцы пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі. Арганізацыі, якія падпісалі Дэкларацыю, заклікалі ўсіх працоўных аб'яднаць сілы для пераможнага заканчэння вайны, аднаўлення гаспадаркі і павышэння культурнага ўзроўню краіны. У адрозненне ад Маніфеста 1 студзеня 1919 г. Дэкларацыя закранала тэрытарыяльнае пытанне толькі ў самых агульных рысах. Гэта тлумачыцца тым, што ў 1920 г. БССР аднаўлялася толькі ў складзе дзвюх няпоўных губерняў - Гродзенскай і Мінскай. Беларускія раёны Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў па-ранейшаму заставаліся ў РСФСР. Акрамя таго, дакладнае вызначэнне заходняй мяжы рэспублікі магло ўскладніць ход перагавораў з Польшчай, выклікаць непажаданыя спрэчкі з Літвой.

Страницы: 1, 2, 3, 4



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.