Рефераты. Вялікая Айчынная вайна вачамі нашых равесніка

p align="left">· Другое і трэцяе пытанні аб найбольш вядомых подзвігах беларусаў цяжкасці выклікала ў 19% вучняў СШ №210 і ў 13% СШ №200 - яны не змаглі ўказаць ні аднаго подзвіга; 21% рэспандэнтаў СШ №210 і 45% СШ №200 прыводзілі ў прыклад подзвігі і герояў, звесткі аб якіх яны атрымалі са школьнай праграмы, і паказалі добрае валоданне матэрыяламі школьных падручнікаў; 21% апытаных з СШ №210 і 3% з СШ №200 пісалі толькі агульныя звесткі аб подзвігу ўсяго беларускага народа; 17% вучняў школ у сваіх адказах указвалі толькі імены герояў, а 16% вучняў СШ №210 і 11% СШ №200 - наадварот, толькі іх подзвігі - гэта сведчыць аб няпоўным валоданні фактычным матэрыялам; і ўрэшце 6% рэспандэнтаў СШ №210 і 11% СШ №200 далі няправільныя звесткі, памылкова ўказваючы герояў (І.Сусаніна), блытаючы герояў і здзейсненыя імі подзвігі.

· На жаль, і з чацвёртым заданнем (вызначэнне ролі беларускага народа ў Другой сусветнай вайне) большасць рэспандэнтаў (53% вучняў СШ №210 і 54% СШ №200) не справіліся ўвогуле або выканала яго няправільна. Астатняя частка вучняў правільна вызначылі ролю беларусаў і іх уклад у справу вялікай Перамогі.

· Пятае і шостае пытанні дапамаглі вызначыць, наколькі добра нашы равеснікі знаёмы з гісторыяй сваёй сям'і ў гады вайны. Мы высветлілі, што ў многіх нашых равеснікаў родныя прымалі непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях на фронце - 31% СШ №210 і 40% СШ №200; 30% апытаных СШ №210 і 26% СШ №200 сцвярджаюць, што іх родныя пад час вайны знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі, але актыўнага ўдзелу ў змаганні з фашысцкімі захопнікамі не прымалі; у 9% вучняў абедзвюх школ хтосьці з родных быў у палоне ці канцэнтрацыйным лагеры, а ў 3% вучняў СШ №200 і 2% СШ №200 - на прымусовых працах у Германіі; 6% рэспандэнтаў абедзвюх школ маюць родных - удзельнікаў партызанскага руху, а ў 4% родныя супрацоўнічалі з партызанамі; толькі ў 1% вучняў родныя знаходзіліся ў тыле. На жаль, 16% апытаных СШ №210 і 10% СШ №200 не змаглі адказаць на пастаўленыя пытанні, а гэта сведчыць аб адсутнасці цікаўнасці да свайго асабістага мінулага, гісторыі сваёй сям'і.

· У сёмым заданні, у якім неабходна было ўспомніць адну з сямейных гісторый перыяду вайны, ставілася мэта высветліць асабістую зацікаўленасць падлеткаў у веданні гісторыі сваёй сям'і. У выніку высветлілі, што толькі 5% вучняў абедзвюх школ у поўнай ступені валодаюць інфармацыяй аб гісторыі сваёй сям'і, 42% рэспандэнтаў СШ №210 і 36% СШ №200 валодаюць інфармацыяй часткова і ведаюць толькі найбольш цікавыя факты з жыцця сваіх продкаў. Астатняя частка апытаных не ведаюць ніякіх сямейных гісторый ваеннага перыяду па розных прычынах: 45% вучняў СШ №210 і 52% СШ №200 - таму што самі не цікавяцца гэтай тэмай, 4% - таму што ўжо няма жывых сведак вайны, 4% вучняў СШ №210 і 3% СШ №200 - таму што тэма вайны у сям'і па нейкіх прычынах не абмяркоўваецца.

· Апошняе пытанне “Як паўплывала Вялікая Айчынная вайна на сённяшняе жыццё Беларусі і яе імідж у сусветным супольніцтве?” аказалася найбольш цяжкім для адказу. 45% рэспандэнтаў СШ №210 і 36% СШ №200 так і не здолелі на яго адказаць, 39% апытаных СШ №210 і 44% СШ №200 лічаць, што ўклад беларускага народа ў справу перамогі падняў аўтарытэт нашай краіны ў свеце і паўплываў на фарміраванне беларусаў як нацыі. 13% вучняў СШ №210 і 20% СШ №200 засяроджваюць увагу на негатыўных праяўленнях вайны, такіх як шматлікія разбурэнні, знішчэнні вялікай колькасці мірнага насельніцтва, пасляваенны эканамічны крызіс і інш. 3% апытаных СШ №210 і 1% СШ №200 лічаць, што Вялікая Айчынная вайна ўвогуле не аказвае ніякага ўплыву на сённяшняе становішча краіны і з'яўляецца проста часткай гісторыі мінулага Беларусі.

Параўнаўшы адказы вучняў СШ №200 і СШ №210, мы прыйшлі да вывадаў, што дасведчанасць рэспандэнтаў абедзвюх школ знаходзіцца прыкладна на адным узроўні, незалежна ад статусу школы, у якой яны вучацца (агульнаадукацыйная ці з эстэтычным ухілам).

Таксама мы прыйшлі да высновы, што фактычным матэрыялам па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны лепш за іншых валодаюць вучні 9 класаў, якія непасрэдна ў студзені скончылі вывучэнне гэтага перыяду. Веды вучняў 8, 10 і 11 класаў знаходзяцца прыкладна на адным ўзроўні. Аднак трэба адзначыць, што адзінаццацікласнікі ў большай ступені асэнсоўваюць гістарычныя падзеі, іх значэнне і ролю свайго народа ў сусветнай гісторыі.

Самы тыповы адказ на пытанне “Што ты ведаеш аб Вялікай Айчыннай вайне?”:

“Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 г. Распачала вайну Германія, нечакана напаўшы на СССР. Скончылася вайна перамогай СССР 9 мая 1945 года.”

Самы незвычайны адказ мы атрымалі ад вучаніцы 10 класа СШ №210:

“Кожную гадзіну на палях вайны гінула 14104 чалавека, кожную хвіліну -- 10 чалавек, 6 секунд забіралі жыццё аднаго чалавека. Мова лічбаў скупая, але вы толькі ўявіце, што калі б мы захацелі ўшанаваць памяць кожнага з загінуўшых у вайне хвілінай маўчання, то чалавецтву прыйшлося б анямець на 20 мільёнаў хвілін, на 38 з лішнім гадоў.”

Самым цікавым, на наш погляд, адказам аб подзвігах беларусаў, які сустрэўся ў анкетах толькі аднойчы, быў адказ аб подзвігу А.Р.Мазанік, Н.В.Траян, М.Б.Восіпава, якія былі удзельніцамі аперацыі па знішчэнню генеральнага камісара Беларусі В.Кубэ 22 верасня 1943г.

У анкетах сустракаліся адказы, якія сведчаць аб тым, што вучні блытаюць падзеі і герояў розных гістарычных эпох. Напрыклад:

“Мяне найбольш уразіў подзвіг І.Сусаніна, які завёў вялікую нямецкую армію ў лес, якія больш адтуль не выйшлі, і сам па-геройску загінуў.”

Тыповымі фармуліроўкамі ролі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне былі наступныя:

“Самы вялікі подзвіг, які быў здзейснены ў час вайны - гэта подзвіг народа. Беларускі народ вылучыўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны стойкасцю і сілай духа. Мы сталі першымі на шляху фашыстаў. Дзякуючы барацьбе беларускага народа быў сарваны план “маланкавай вайны” фашыстаў і з'явіўся час для

падрыхтоўкі абароны Масквы.”

“На тэрыторыі Беларусі дзейнічала вялікая колькасць партызанскіх атрадаў, была разгорнута актыўная падпольная дзейнасць. Адной з найбуйнейшых аперацый партызан стала “рэйкавая вайна”, пад час якой былі знішчаны многія чыгуначныя камунікацыі ворага.”

Адказы на апошняе пытанне аб уплыве Вялікай Айчыннай вайны былі самыя разнастайныя:

“Гэта вайна паўплывала на наша жыццё і нашу культуру. У Беларусі створана шмат кінастужак на ваенную тэматыку, беларускія пісьменнікі і паэты, такія як І.Шамякін, В.Быкаў, А.Куляшоў, П.Панчанка, М.Танк, звяртаюцца да падзей Вялікай Айчыннай вайны ў сваіх творах. Шмат музеяў выстаўляюць экспазіцыі па тэме Вялікай Айчыннай вайны, якія вяртаюць нас у тыя цяжкія гады нашых дзядоў і бабуль.”

“Калі б не было Вялікай Айчыннай вайны, мабыць, чалавек не задумваўся б аб тым, што сваю Радзіму трэба шанаваць, любіць, абараняць яе і захоўваць сваю гістарычную спадчыну, бо ў любы момант мы можам страціць яе.”

“На мой погляд, на імідж нашай краіны Вялікая Айчынная вайна ніяк не паўплывала. Па-першае, мала хто ведае ў свеце, што ўвогуле існуе такая краіна, як Беларусь. А па-другое, тыя краіны, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, прызнаюць перамогу сваёй заслугай. Але гора і нянавісць да ворагаў застануцца назаўсёды ў душах беларусаў.”

Заключэнне

Такім чынам, прааналізаваўшы сабраную інфармацыю, мы прыйшлі да агульных вывадаў: веды сучасных школьнікаў аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны фарміруюцца школай, а не сямейным выхаваннем ці СМІ і з'яўляюцца дастаткова павярхоўнымі. На вывучэнне тэмы вайны у школьнай праграме адведзена недастаткова часу. Нельга абмяжоўваць вывучэнне гісторыі сваёй краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны некалькімі гадзінамі, за якія нават фактычны матэрыял немагчыма засвоіць ў поўнай ступені.

Вельмі добра, што ў гэтым годзе быў уведзены новы абавязковы курс - ён папоўніць веды школьнікаў, дасць ім магчымасць па-новаму асэнсаваць вайну. Аднак, на наш погляд, такі курс павінен уводзіцца не ў 11 класе, калі ў вучняў ужо ў значнай ступені сфарміравана ўяўленне аб асноўных падзеях вайны, а значна раней, каб з маленства дзеці ўсвядомілі сябе нашчадкамі народа, які здолеў перамагчы фашысцкіх захопнікаў.

Галоўнай матывацыяй пры вывучэнні Вялікай Айчыннай вайны, як і любой іншай тэмы, для вучняў з'яўляецца сацыяльная: жаданне атрымаць высокую адзнаку. Таму набытыя веды нетрывалыя, бо наша памяць захоўвае толькі тое, што асэнсавана намі на эмацыянальным і духоўным узроўні, што “прапушчана праз сябе”. Таму адсутнасць у падручніках матэрыялу, які даваў бы магчымасць “ажывіць” герояў, дапамагчы зразумець матывы іх учынкаў, асэнсаваць усе жахі вайны негатыўна ўплывае на фарміраванне вобразу вайны ў падлеткаў. Аналіз гістарычных падзей мінулага дапамагае знаходзіць выйсце з сучасных канфліктных сітуацый.

Мы лічым, што ўсім нам трэба задумацца аб будучыні нашай краіны. Што будзе з краінай, калі яе маладое пакаленне забываецца на яе гістарычную спадчыну, калі маладыя людзі перастаюць цікавіцца не толькі гісторыяй сваёй краіны, але і асабістай гісторыяй сваёй сям'і? Мы рызыкуем паўтарыць памылкі нашых продкаў, калі не будзем лічыцца з тымі ўрокамі, якім навучыла нас гісторыя. Мы павінны рабіць усе магчымае, каб вялікая Перамога засталася з намі, стала сучаснасцю, легла ў падмурак нашай ідэалогіі, а не ўспрымалася як частка гісторыі.

Многія з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны яшчэ жывуць сярод нас, і мы маем не шмат часу для таго, каб дазволіць ім сказаць свае словы гісторыі, якую яны некалі стваралі. А праўда аб вайне, памылках мінулага нам вельмі патрэбна, асабліва цяпер. Менавіта ў гэты час, калі перад нашай краінай стаіць пытанне аб фарміраванні нацыянальнай ідэалогіі, праблема пошуку асабістага шляху, тых каштоўнасцей, якія будуць пакладзены ў падмурак новай дзяржавы, мы павіны звярнуцца да нашага гістарычнага мінулага. Трэба ўсвядоміць, што нельга пабудаваць новае дэмакратычнае грамадства, калі замест мінулай хлусні ці ўпрыгожвання гісторыі будуць пладзіцца новыя фальсіфікацыі. Да якога больш справядлівага жыцця можна прыйсці на парожнім месцы, без сапраўднага і моцнага падмурку?

Наша Перамога вартая таго, каб ёй ганарыліся не толькі мы, але і нашы нашчадкі, людзі на ўсей планеце, таму што гэта агульная Перамога ўсіх народаў над фашызмам. Памяць аб ёй не павінна служыць сродкам канфрантацыі ні ў нашай краіне, ні за мяжой. Наадварот, яна прызначана яднаць людзей на шляху да лепшай будучыні. На тое вельмі спадзяваліся ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

9 Мая адзначаеца нашымі людзьмі як свята і асабістае, і сямейнае, і дзяржаўнае, і інтэрнацыянальнае. Зноў і зноў углядаемся ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, імкнемся глыбей зразумець значэнне бітваў, якія адбыліся на беларускай зямлі і адыгралі важную ролю на шляху да поўнай перамогі над фашысцкай Германіяй. Цяжкім быў гэты шлях. Памяць аб ўсіх, хто не вярнуўся з фронту, хто загінуў, абараняючы зямлю сваіх бацькоў, свяшчэнна. Яна--галоўны фактар дзяржавы. Не будзе такой памяці - не будзе і дзяржавы.

Але вынікі і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны накіраваны не толькі ў мінулае. Калі глядзіш на сучаснае палітычнае становішча ў свеце, разумееш, што не ўсведамляюць нашы сучаснікі ўсіх жахаў вайны, не жадаюць вучыцца на памылках мінулых пакаленняў. Гэта знаходзіць свой адбітак у развязванні лакальных войнаў, патуранні міжнароднаму тэрарызму, экспансіі “бархатных” рэвалюцый, прапагандзе культу насілля і нажывы. Людзі забываюцца на тыя жудасныя падзеі, якія ўскалыхнулі ўсю Еўропу 60 гадоў назад: забываюцца на Асвенцім і тыя 1,5 млн чалавек, якіх знішчылі там гітлераўцы, на ўрокі Халакоста - мэтанакіраванага і жудаснага знішчэння яўрэйскага насельніцтва фашыстамі, на кожнага трэцяга беларуса, забітага пад час Вялікай Айчыннай вайны. Але на гэта нельга забыцца, бо ёсць магчымасць паўтарыць жудасную памылку Еўропы 40-ых гадоў XX стагоддзя. Менавіта таму сёння неабходна зрабіць усе намаганні, для абуджэння цікавасці да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асабіста сярод маладога пакалення, якому належыць будучыня, за якім стаіць лёс чалавецтва. Ад таго, наколькі добра ў маленстве яны ўсвядомяць, што такое вайна, залежыць іх грамадзянская пазіцыя ў будучыні, а значыць - і сама будучыня.

Літаратура

1. Алёхіна Н. Вайна праз лёс простага чалавека.// Настаўніцкая газета. - 2005г. - 3 лютага

2. Каваленя А.А.і Сташкевіч М.С. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны). - Вучэбны дапаможнік для 11 класа /Мн. - Выдавецкі цэнтр Беларускага дзяржаўнага універсітэта, 2004г. - 231с.

3. Кадзет М.Ф., Саламаха Ул.П. Наша Перамога. Хроніка Вялікай Айчыннай вайны. - Мн., Літаратура і Мастацтва, 2004г. - 319с.

4. Коваль А.В. Книгу памяти пишет народ. - К.: Общество “Знание” Украинской ССР,1991 г. - 48с.

5. Кузнецов И.Н. Возвращение памяти. - Мн. АРТИФЕКС, 1997 г. - 278с.

6. Лемяшонак У.І. Вызваленне - без грыфа "Сакрэтна!". - Мн. Веды - 1996г. - 150 с.

7. Новік Я.К., Марцуль Г.С. Гісторыя Беларусі ў двух частках. Частка 2. - Мн.: Універсітэцкае - 1998 г. - 464 с.

8. Рэспубліка. (спецыяльны выпуск)// 2004 г. - 4 ліпеня

9. Цепляев В."Фабрика смерти" не даёт покоя живым// Аргументы и Факты.-2005г.-№5, февраль

10. Шутова О.М. Психоистория: школа и методы. - Мн., Веды 1997 г. -160 с.

Страницы: 1, 2



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.