Рефераты. Заходняя Беларусь у складзе польскай дзяржавы ў 1921-1939 гг.

p align="left">З канца 1924 г. па 1927 г. польская эканоміка апынулася ў крызісе з прычыны росту ваенных расходаў, знешняй запазычанасці, неўраджаю 1924 г. і мытнай вайны Германіі супраць Польшчы 1925 г. Крызіс меў цяжкія вынікі для прамысловасці беларускага рэгіёну. У Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах у 1925 г. бяздзейнічала шостая частка прадпрыемстваў, знізілася заработная плата, узрасла інфляцыя, налічвалася 21 тыс. беспрацоўных. У 1925-1926 гг. былі закрыты ўсе прыватныя тытунёва-гільзавыя фабрыкі і 32 прыватных лікёра-гарэлачныя прадпрыемствы.

З другой паловы 1926 г. у некаторых галінах вытворчасці пачаўся прамысловы ўздым. Ён быў вызваны добрым ураджаем, павышэннем сусветных цэн на вугаль, ростам знешняга гандлю, пад'ёму некаторых галін прамысловасці, а так сама вялікімі пазыкамі ад ЗША і Англіі ў 1927 г. (62 млн. долараў і 2 млн. фунтаў стэрлінгаў). У выніку паступовага эканамічнага ўздыму колькасныя і якасныя паказчыкі па прамысловасці Заходняй Беларусі дасягнулі ўзроўню 1913-1914 гг. Аднак гэта складала толькі 2% агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці і 1,5% колькасці рабочых у польскай дзяржаве на 1928 г.

Перапыніў развіццё і адштурхнуў далёка назад беларускую прамысловасць сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг. У выніку былі закрытыя 230 прадпрыемстваў, а колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 г. скарацілася амаль на палову. Прадукцыя прамысловасці да пачатку 1930 г. паменшылася на 30-40% у параўнанні з 1928 г.

У другой палове 30-х гг. у прамысловасці наглядалася ажыўленне, вызванае дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі ў ваенныя аб'екты і ваенную прамысловасць, а так сама з-за роста попыту на сусветных рынках на лесаматэрыялы. У выніку дрэваапрацоўчая вытворчасць становіцца вядучай галіной Заходняй Беларусі замест харчовай. У 1939 г. колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх рабочых у 2 разы перавышала ўзровень 1913 г., але адбыўся ўпадак у запалкавай вытворчасці і вінакуранні з-за ўвядзення дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць спірту і канкурэнцыі замежных вытворцаў запалак.

3. Стан сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.)

У эканоміцы заходнебеларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3.402 памешчыкаў (1% сельскага насельніцтва) валодалі польшай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія - 24,15%, кулацкія - 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, прыклад - Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155.200 га.

Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне (кулакі) валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10-15 коней, 15-25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, ўтрымлівалі 2-3 каровы, аднаго - двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7-8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці кулакоў.

Сярод сельскагаспадарчых рабочых найменьш правоў мелі ардынарыі - найбольш шматлікая малааплачваемая група батракоў. Зарплату яны атрымлівалі ў выглядзе паліва, зерня, зямлі для пасеваў, правам трымаць карову, жыллём. Пасынкі - дзеці ардынарыеў, іх праца часта не аплочвалася. Сталоўнікі - сяляне-беднякі з маленькай гаспадаркай. За ўзнагароджанне ў выглядзе жылля, права пасвіць жывёлу, часам за арэнду кавалачка зямлі апрацоўвалі гаспадарку памешчыка.

Відавочна было адраджэнне рэшткаў феадальных адносін у форме дробнай арэнды зямлі за адпрацоўкі або за частку ўраджаю, адпрацоўкі за права карыстання пашай, натуральная плата за працу, наяўнасць сервітутаў, цераспалосіца. Усё гэта тармазіла развіццё вытворчых сіл у аграрным сектары, параджала сацыяльны пратэст часткі сялянства, што несла сур'ёзную небяспеку для дзяржаўнага ладу. Ад урада патрабавалася прыняцце неадкладных мер па рэфармаванню ў сельскай гаспадарцы.

Мэтай рэформы было даць магчымасць сельскай гаспадарцы развівацца па капіталістычнаму шляху, ліквідаваць феадальныя перажыткі. Прадугледжваліся такія мерапрыемствы як парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя. У ліпені 1925 г. быў прыняты «Закон аб ажыццяўленні зямельнай рэформы». Згодна з ім ажыццяўляўся продаж дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) часткі памешчыцкіх зямель, праводзілася камасацыя (хутарызацыя) сялянскіх гаспадарак, ліквідаваліся сервітуты, увадзілася асадніцтва, якое было характэрна толькі для Заходняй Беларусі.

З дзяржаўнага фонду атрымлівалі землі асаднікі - польскія ваенныя каланісты, былыя афіцэры і ўнтэрафіцэры польскай арміі. Яны атрымлівалі бясплатна або па невялікім кошце зямельныя ўчасткі з дзяржаўнага фонду па 15-45 га і доўгатэрміновыя крэдыты на ільготных умовах на ўладкаванне гаспадаркі, за кошт дзяржавы будавалі жылыя памяшканні. Землі дзяржаўнага фонду (парцэлі) прадаваліся праз сельскагаспадарчы банк. Памешчыкі, маёнткі якіх падлягалі парцэляцыі, выкарыстоўвалі права выбару пакупніка і рэалізавалі зямлю спекулянтам.

Камасацыя - мерапрыемства, якое прадугледжвала ліквідацыю цераспалосіцы шляхам масавай хутарызацыі. Дзяржава абяцала павялічыць надзелы малазямельных сялян, якія згаджаліся на камасацыю. Аднак сяляне павінны былі плаціць за землеўпарадкаванне кожнага гектара ад 14 да 20 злотых, асобная плата спаганялася за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д. Працэс камасацыі меў два этапы - да 1927 г. па дабраахвотнаму прынцыпу, з 1927 г. - прымусовы.

Сервітут - права сялян на сумеснае з памешчыкамі карыстанне зямельнымі ўгоддзямі і лясамі. У 1927 г. сервітутамі карысталася 10% сялянскіх гаспадарак. Пад час правядзення рэформы сервітуты ліквідаваліся, замест іх сяляне атрымлівалі аднаразавую грашовую кампенсацыю.

У выніку рэформы на Беларусі налічвалася 4.640 ваенных асаднікаў. Пакупку зямлі ажыццявіла частка сярэдніх, бядняцкіх гаспадарак і дробных арандатараў. Да 1935 г. (у параўнанні з 1921 г.) павялічылі свае землеўладанні: бядняцкія гаспадаркі - на 2,1 га, серадняцкія - на 2,7 га, кулацкія - на 3,9 га. Памешчыцкае землеўладанне паменшылася прыкладна на 13%. Прадажа-пакупка зямлі працягвалася да 1939 г. Да 1939 г. на хутары было выселена 43% гаспадарак (каля 50% сялянскай зямлі). Да 1939 г. былі ліквідаваны сервітуты. Большая частка сервітутнай зямлі перайшла памешчыкам, сяляне атрымалі невялікую грашовую кампенсацыю. Ад ліквідацыі сервітутаў больш за ўсіх пацярпелі бядняцкія гаспадаркі. Многія з іх ужо не мелі магчымасці трымаць нават адну карову. Узровень вытворчасці сельскай гаспадаркі 1913 года быў дасягнуты толькі да 1929 года.

Аграрная рэформа мела буржуазны характар. Яна садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У яе выніку ўмацоўваўся стан дробнай сельскай буржуазіі. Але рэформа не знішчыла буйное памешчыцкае землеўладанне, не спыніла збяднення вёскі.

Значнай праблемай была перанаселенасць вёскі. На 1931 г. у заходнебеларускім краі налічвалася прыкладна 700 тыс. чалавек залішняй рабочай сілы. Прамысловасць не развівалася, і немагчымасць рэалізаваць сябе на радзіме вымушала да масавай эміграцыі. З 1925 па 1938 г. эмігрыравала 78,1 тыс. чалавек. Штогод дзесяткі тысяч працоўных выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы.

Аграрная вытворчасць Заходняй Беларусі знаходзілася ў складаным становішчы. Ствараліся ўмовы для развіцця па капіталістычнаму шляху, але аграрныя рэформы не саправаджаліся аднаўленнем усёй эканомікі краю. Да таго, развіццё капіталістычных адносін у вёсцы ішло па вядомым «прускім шляху», з захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання і шматлікіх рэшткаў феадалізму.

4. Узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах

Роля Заходняй Беларусі як каланіяльнай акраіны Другой Рэчы Паспалітай асуджала значную частку насельніцтва на нізкі жыццёвы ўзровень і беднасць. Агульнай праграмы развіцця сацыяльнай сферы краю не існавала, дабрабыт насельніцтва залежыў ад умоў развіцця гаспадаркі, якая залежыла, ў сваю чаргу, ад перыядычных эканамічных крызісаў.

Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна - 10-12, у сельскай мясцовасці - 16 гадзін.

З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць водпуск з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.

У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. - каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта яна выдавалася ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25-50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Афіцыйная колькасць беспрацоўных у Заходняй Беларусі на 1936 г. склала 25,5 тыс. чалавек (улічваліся толькі прамысловыя рабочыя). Рэальнае беспрацоўе было значна большым. Не ўсе афіцыйныя беспрацоўныя атрымлівалі дапамогу, малымі былі яе памеры: у 1936-1937 гг. на аднаго беспрацоўнага ў месяц выдаткавалася 4-5 злотых, для сям'і з 4-5 чалавек - 12-14 злотых, для сям'і з 6 і больш чалавек - 16-20 злотых. Той, хто атрымліваў гэтую дапамогу, павінен быў працаваць на грамадскіх работах. Беспрацоўе - адна з прычын масавай эміграцыі.

Існавалі дзесяткі розных падаткаў і збораў (пазямельны, царкоўны, капытковы, меліярацыйны, падаходны, дарожны, маставы, канцылярскі, ураўняльны і інш.). Агульная сума падаткаў у 1931 г. было больш у 4 разы за 1913 г. Падатковая стаўка пазямельнага падатку складала з гаспадаркі ад 5 да 15 га - 2,15 злотых з га; з гаспадаркі ад 60 да 100 га - 2,03 злотых з га; з гаспадаркі памерам звыш 2000 га - 1,01 злоты з гектара. За сваечасовым выкананнем сачылі фінансавыя інспектары (секвестратары) і судовыя выканаўцы. Пры невыкананні падатковага абавязку выкарыстоўвалі канфіскацыі маёмасці, экзекуцыі і ліцытацыі (распродаж усёй маёмасці ці яе часткі на публічных таргах).

Гандлёвая палітыка манаполій адмоўна адбівалася на спажыванні. У 1928 г. для пакупкі аднаго плуга трэба было прадаць 100 кг жыта ці 28 кг свініны, а ў 1935 г. - ужо 270 кг жыта ці 41,5 кг свініны. Нават у заможных сялян з 1930 па 1934 г. спажыванне скарацілася на 70%.

Грамадскія фонды спажывання (выдаткі на адукацыю, культуру, ахову здароўя і інш.) мелі мізерныя памеры. У 1929 г. у заходнебеларускім краі на 3,3 млн. насельніцтва налічвалася 75 бальніц, якія засталіся з часоў Расійскай імперыі. Лячэнне было платным, таму для асноўнай колькасці людзей недаступным.

Насельніцтва заходнебеларускіх земляў у перыяд знаходжання ў складзе Польшчы пакутавалі як ад сацыяльных бедстваў, так і ад нацыяльнага прыгнёту.

5. Культура Заходняй Беларусі ў 20-30-я гады

Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій - 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.

Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яно дзейнічала на працягу 1921-1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б. Тарашкевіч, І. Дварчанін, Р. Шырма, П. Пестрак і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. А 500 гурткоў арганізацыі аб'ядналі каля 30 тыс. членаў. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914-1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х - пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць «Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век - 1905 год» М. Гарэцкага (1922 г.), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С. Рак-Міхайлоўскага, С. Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты («Маланка», «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ» («Беларускі летапіс»), «Беларуская крыніца» і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І. Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918-1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В. Ластоўскі, А. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб'яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 20-х - 30-я гады палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый). У 1937 годзе ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча («Дух зла» і інш.), бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч), карыкатурамі Я. Горыда. Сур'ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, г.Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных - хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.

2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. - Мн., 2005. - 235 с.

3. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР / Рэд.-склад. А.М.Міхальчанка, Т.А. Вараб'ёва. Мн.: БелСЭ, 1990. 261 с.

4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1-5; Т. 6. Кн. 1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.

5. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М. Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У. Карава, Я.І. Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.

Страницы: 1, 2



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.