Рефераты. Іслам і выхавання

p align="left">Як ужо адзначалася, выхаваўчыя ўздзеянні ў той час былі скіраваны пераважна на дарослых, і мелі выгляд то звычайнай неўхвалы, то наадварот, падтрымкі, дазволу альбо простай забароны канкрэтных дзеянняў. Сыходзячы з свайго грамадскага статусу і аўта-рытэту прарок ісламу мог даць як станоўчую, так і адмоўную характарыстыку якому-небудзь індывіду, і грамада вернікаў рабіла вывады, як трэба і як не можна рабіць. Інакш кажучы, засвойвала нормы і правілы паводзінаў.

Цікавы прыклад змагання з традыцыйным вінапіццем сярод неафітаў ісламу.

Расставацца з гэтай звычкай муслімы (неафіты) ніяк не жадалі. З боку Мухамада было выстаўлена адзінае патрабаванне - цвярозасць падчас малітвы. Зразумела, ужыўшы нават невялікую колькасць алкаголю перад малітвай, захаваць цвярозы стан нязменным было немагчыма. Таму віно хоць і пілося, але невялікімі дозамі (па інерцыі), і дзякуючы пазнейшаму павелічэнню колькасці штодзённых малітваў (з 2-х да 5-ці) з часам п'янства знікла зусім. Пазней ўжыванне любых адурманьваючых рэчываў было забаронена раз і назаўжды.

Такім чынам, агульнае назапашванне ведаў па выхаванні адбылося ў самыя першыя часы існавання рэлігіі ісламу. Базай гэтых ведаў дагэтуль лічыцца Каран, а таксама Святое Паданне іслама - Сунна (у суннітаў). Прававы грунт паводзінаў мусульманаў распрацаваны вучонымі-улемамі і правазнаўцамі-факіхамі ў выглядзе шарыяту. Сам шарыят ёсць сукупнасцю нормаў і ўстанаўленняў, рупліва распрацаваным кодэксам паводзінаў, канонам, што ўтымлівае маральныя законы сямейнага і грамадскага жыцця, розныя дазволы, прадпісанні і забароны, закліканыя ўрэгуляваць адносіны верніка да Бога, да грамадства (а часам і да чалавецтва) ў цэлым і да чалавека (да самога сябе таксама) ў прыватнасці.

Сама выхаваўчая практыка спараджала такія прынцыпы выхавання, як свядомасць і актыўнасць, трываласць, паслядоўнасць, нагляднасць.

Разгледзім гуманістычны кірунак тагачаснага выхавання. Вядома, уяўленне пра гуманізм у той час рознілася з цяперашнім - прыкладам, не было выкаранена рабства, але яно ўжо асуджалася грамадствам. Рабу і палоннаму даравалі волю, калі ён мог навучыць грамаце дзяцей мусульманаў. Становішча жанчыны было больш сацыяльна абароненым, чым у даісламскі час. Колькасць жонак абмяжоўвалася да чатырох, прытым жаніцьба магла адбыцца толькі са згоды абодвух яе ўдзельнікаў, пры ўмове выплаты вясельнага дарунка (па ўзгадненні з нявестай), а таксама пры абавязковай наяўнасці сведкаў і з дазволу бацькоў. Што да наступных жонак, то іх муж мог браць толькі з дазволу папярэдніх жонак. Таму, улічваючы дастатковую складанасць працэсу, сам факт палігаміі існаваў для большасці насельніцтва намінальна. У сувязі з гэтымі фактамі нельга не прызнаць, што адносіны да сацыяльна неабароненых групаў мяняліся і станоўча ўплывалі на выхаваў-чую практыку.

Увогуле ж ісламскае выхаванне грунтавалася на прынцыпах веры і добрых справаў і кантралявалася шарыятам 9зводам законаў на базе Кур'ана і сунны) і уласна суннай (жыццёвым прыкладам Мухамада). Прытрымліваючыся сунны кожны мусульманін мог наблізіцца да маральнага і духоўнага ідэалу. Адной з важнейшых мэтаў прарочай дзейнасці Мухамада было дасягненне высокіх маральных якасцяў кожным веруючым праз перайманне персанальнага прыкладу прарока. Прадпісанні шарыяту якасна змянілі былое становішча ў поглядах на адукаванасць, і асабліва выхаванасць. Гонар сям'і і роду займалі пачэснае месца сярод іншых этычных і выхаваўчых каштоўнасцяў, першым сярод якіх адзначалася богабаязнасць.

Мараль ісламу выхоўвала агіду да распусты, да ўсяго забароненага. Цярпенне ў цяжкасцях, захаванне нормаў справядлівасці, сумленнасць, цвярозыя адносіны да жыцця, абачлівасць і эканомнасць - вось пералік тых маральных якасцяў, што карысталіся пава-гаю і да ісламу.

Такое становішча часткова скарэктавала і аптымізавала ісламскае выхаванне, мэтай якога было прывіць комплекс маральных якасцяў, носьбіт якіх адносіцца да свету так, як бы ён жыў у ім вечна, а адносіны да Бога павінны былі быць такімі, што чалавек павінен быць гатовы стаць прад Ім кожную хвілю.

Суаднесенасць цела і духа мае быць адным з важных маральных правілаў. Таму мусульмане пачалі сур'ёзна і з увагай адносіцца да фізічнай падрыхтоўкі будучых пераемнікаў. Паводле падання, другі праведны халіф, Умар ібн Хаттаб (634-644), часта заклікаў мусульманаў навучаць сваіх дзяцей плаваць, ездзіць конна, страляць з лука. Яго паслядоўнікаў таксама цікавілі падобныя ж пытанні. Такая ўвага да вывучэння вайсковай справы спарадзіла неабходнасць свецкага, жывога і цікавага выхаваўчага працэса. Прытым паходжанне крыніцаў гэтага выхавання магло быць і персідскім, і старагрэцкім, і візантыйскім, і індыйскім. Мусульмане даволі паспяхова карысталіся станоўчым культурным вопытам папярэднікаў.

Увогуле, першапачатковыя педагагічныя веды мелі вельмі моцны грунт веры. Паводле запаветаў ісламу найважнейшымі абавязкамі бацькоў з'яўляюцца нараджэнне і належнае выхаванне фізічна і маральна здаровых карысных і паважаных удзельнікаў грамадства і прадстаўнікоў чалавецтва.

Таму бацькі павінны сачыць, каб іх дзеці падрасталі сумленнымі, мужнымі, моцнымі духам, загартаванымі фізічна і маральна. Прарок Мухамад сказаў:

“Добра даглядайце дзяцей, дайце ім найлепшае выхаванне, бо бацькі заўжды ў адказе перад Богам і грамадствам за выхаванне дзяцей”. Аб абавязках дзяцей сказана ў Каране: “Маліцеся толькі да Бога, але павагу выказвайце да бацькоў. Зрабіце для іх усё, што ў вашых сілах, будзьце з імі ветлівыя і ўважлівыя, нічым не псуйце іх настрою, не судзіце іх, не ўзвышайце на іх голас. Заўжды кажыце ім прыемныя і добрыя словы, маліцеся за іх, прасіце Стваральніка, каб Ён распрасцёр над імі Свае міласэрныя крылы, слухайце іх… Калі вы будзеце чыніць добрае бацькам, то Ўсявышні прабачыць вам усе вашыя грахі…”. Пра адносіны з родзічамі прарок ісламу сказаў наступнае: “Правы старэйшых брата ці сястры над малодшымі прыроўніваюцца да правоў бацькі”; “Тым, у каго няма бацькі, дзядзька павінен замяніць яго, а ў каго няма маці - цётка”. Правы суседзяў у ісламе стаяць адразу пасля правоў родных. “У суседзяў ёсць вялізныя абавязкі аднаго прад адным. Калі твой сусед галодны, а ты - сыты, то цябе нельга лічыць поўнасцю веруючым”; “Той хто верыць у Бога і ў замагільнае жыццё, павінен дапамагчы свайму суседу”; “Пачуўшы паклёп суседзяў і на суседзяў спачатку ўпэўніся, а потым вырашай”; “Той не верыць (у Бога), ад зла якога неспакойны яго сусед”.

Яшчэ адна вялікая загана, ад якой церпіць мараль - двулічнасць, яна датычная да тых вернікаў, што падменьваюць сапраўдную веру рытуалістыкай, і тых, чые учынкі ідуць не поруч са словамі. Намінальнае выкананне запаветаў веры не можа замяніць цвёрдую ўпэўненасць і высакародныя імкненні.

3. Рэлігійнае становішча часоў Халіфата ўяўляла сабой стракатае спалучэнне розных плыняў і сектаў, што вытлумачалася пэўнай атмасферай талерантнасці, што панавала тады. Іслам таксама не абмінуў лёс расколу, першапачаткова палітычнага (суніты і шыіты), а пасля і ідэалагічнага (харыджыты, карматы, ісмаіліты, асасіны і інш.). Што да праблемы падзелу сунізму на мазхабы (багаслоўскія школы), то яна чыста ўяўная, паколькі самі іх заснавальнікі (Малік, аш-Шафіі, Абу Ханіфа, Ібн Хамбал) не прэтэндавалі на тое, што называецца словам “апошняя інстанцыя”. Паводле іх словаў, яны прапанавалі знайсці і выкрасліць з іх аўтарытэтных працаў тое, што будзе супярэчыць Кур'ану і Сунне.

У перыяд ранняга Сярэднявечча склалася сістэма мусульманскай адукацыі. З VIII - IX стст. шырока распаўсюдзіліся мектэбы (ніжэйшая школа), што садзейнічала навучанню грамаце сярод насельніцтва. У пачатковай школе ішоў працэс навучання па пэўнай праграме, у якую уключалася і выкладанне асноваў шарыята і нормаў этыкі. На гэтым этапе вучні вучыліся чытаць, пісаць, асвойвалі пачаткі арыфметыкі, вывучалі жыццяпіс прарокаў і правед-нікаў. Вядома, што халіф Умар ібн Хатаб рэкамендаваў выкладаць у школах паэтыку і іншыя літаратурныя накрункі. Паводле іншых звесткаў, у школах была ўведзена забарона на вывучэнне кнігаў, напісаных хрысціянскімі аўтарамі. Акрамя таго, з маральных меркаванняў забаранялася вывучэнне пустых вершаў непавучальнага зместу.

Адначасова ўзнікаюць сярэднія ісламскія навучальныя ўстановы - медрэсэ. Яны рыхтавалі імамаў, чынавенства, настаўнікаў. У медрэсэ вывучалі рэлігію, правазнаўства, філасофію (“фалсафа”), матэматыку, астраномію, арабскую і персідскую літаратуры, медыцыну (!) і некаторыя прыкладныя навукі. Такім чынам, ідэя аб рознабаковым развіцці асобы атрымала жыццё ўдалечыні ад Еўропы, і за шмат вякоў да дзеячаў Адраджэння.

Час ад часу мухтасіб (чыноўнік, што сочыць за выкананнем прадпісанняў шарыята) правяраў, каб навучэнцы не карысталіся кнігамі амаральнага зместу. Гэта значыць, што выхаванне і адукацыя знаходзіліся пад наглядам дзяржавы.

Нягледзячы на тое, што школьная праграма была ў асноўным разлічана на навучанне і выхаванне юнакоў (вучоба дзяўчат часам нават проста забараня-лася), у гісторыі іслама, нават у часы жорсткіх адносінаў да выканання падрабаванняў сунны, ёсць нямала выпадкаў, што сведчаць пра ўвагу мусульманаў да арганізацыі навучання дзяўчат ці хаця б аб адсутнасці veto (забароны) на жаночую адукацыю.

Стаць адукаванымі ў ісламскіх краінах у пэўныя прамежкі часу магла практычна кожная жанчына, нават з фізічнымі недахопамі і калецтвамі. У 1227 годзе ў Александрыі была вядома жанчына з Ірана па імені Бінт (дачка) Хадай-Вердзі, якая не мела абедзвюх рук. Тым не менш, яна прыклала шмат намаганняў для спазнання навук. Яна навучылася хораша пісаць, трымаючы палачку для пісьма пальцамі ног.Такім чынам, мы можам казаць, што дзякуючы ісламскай сістэме адукацыі жанчынам была прадстаўлена мажлівасць нароўні з мужчынамі дасягаць поспеху ў галіне навукі і пазнання.

У маралі і ў палітыцы рэальна дзейнічаючым фактарам было выхаванне, заснаванае на Кур'ане і сунне. Тэаратычныя дыспуты мелі ўплыў толькі ў абмежаваных колах датычных да дыскусіі тэарэтыкаў. На становішча дзяржаўнага ладу і працэс падрыхтоўкі і выхавання вучоных яны не ўплывалі.

Жорсткасць такіх правіцеляў, як абасідскі халіф аль-Мутазед (870-892), індыйскі ўладар Кутб Шах (1512-1543) і Тамерлан (1369-1404), і іх учынкі не мелі нічога агульнага з ісламскім выхаваннем і асуджаліся грамадствам.

Носьбітамі ісламскага выхавання і ісламскае этыкі былі такія правіцелі, як Умар ібн Абу ал-Азіз (717-720) і Салах ад-Дзін Аюбі (1138-1193), вядомы еўрапейцам як Саладзін, што строга выконвалі патрабаванні шарыята. У часы крыжовых паходаў, калі мноства еўрапейскіх феадалаў апынуліся на мусульманскім Усходзе, аўтары хронікаў адзначылі, што Саладзін па высакароднасці пераўзышоў іх усіх. Цягам гэтых крывавых, зацятых войнаў крыжаносцы сваімі ўчынкамі пацвердзілі, што па ўзроўню мужнасці, адданасці дадзенаму слову, спагадзе да абяздоленых яны адстаюць ад мусульманаў. Нават у гандлі, купецкай справе мусульманін па надзейнасці, вернасці дадзенаму слову ў цэлым стаяў вышэй за еўрапейскага купца. Маральныя ідэалы рыцараў у Еўропе шмат у чым фарміраваліся ў выніку кантактаў з мусульманамі. Бертэлемі Сен-Гілер без перабольш-вання сцвярджае, што тое, што ў еўрапейцаў новай эпохі лічыцца хрысціянскай мараллю, ёсць нічым іншым, як удасканалены этыкет, запазычаны ў мусульманаў. У час крыжовых войнаў мусульманская мараль выклікала захапленне ў іх ворагаў.

Нават з улікам таго, што арабы дапяклі хрысціянам ў VII-VIII стагоддзях, не паддаюцца вытлумачэнню жорсткасць і бяздушша ваяроў крыжа, што цягам 200 год бясчынна захоплівалі і грабілі Святую зямлю. Хоць, калі ў абодвух выпадках і мелі месца захопніц-кія мэты, то гісторыкі ўсё ж часцей адзначаюць спецыфіку культураў Андалузіі, Турцыі, Паўночнай Афрыкі, што ўзбагацілі сусветную культуру сваім важным унёскам,чым нейкую выключнасць культуры крыжакаў у Леванце (акрамя, бадай што, складання ідэальнага феадальнага заканадаўства - Ерусалімскіх асізаў).

Страницы: 1, 2, 3



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.