Рефераты. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР

p align="left">Палітычная сістэма паступова аднавіла сваю дзейнасць. Як і раней, у цэнтры яе знаходзілася ЎКП(б) (з 1952 г. - КПСС). З разгромам фашызму - аўтарытэт яе Генеральнага сакратара, генералісімуса Савецкага Саюза і старшыні Савета Міністраў І. Сталіна максімальна ўзрос. Нават у афіцыйным ужытку распаўсюдзіўся тытул тытул «Правадыр усіх часоў і народаў», а перамога ў вайне асацыіравалася з яго іменем. У ліку набліжаных да яго асоб былі члены Палітбюро - Л. Берыя, Г. Малянкоў, В. Молатаў, М. Булганін, М. Хрушчоў.

Партыйную арганізацыю БССР узначальвалі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. - М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. - М. Патолічаў. На вышэйшыя партыйныя, савецкія, грамадскія пасады вылучаліся былыя кіраўнікі падполля і партызанскага руху І. Варвашэня, В. Казлоў, І. Кожар, С. Прытыцкі. Шэрагі КП(б) Б імкліва павялічваліся. Так, у пачатку 1945 г. у яе складзе налічвалася 29 515, 1951 г. - 116 663, 1954 г. - 129 585 камуністаў і кандыдатаў у члены партыі.

Выбары ў Вярхоўны Савет СССР (1946), Вярхоўны Савет БССР (1947), мясцовыя Саветы (1948, 1950), а таксама народных суддзяў і народных засядацеляў па-ранейшаму былі безальтэрнатыўнымі, але надзвычай масавымі, і прайшлі пад лозунгам падтрымкі «блоку камуністаў і беспартыйных». Як і раней, праца Саветаў была фактычна зведзена да ўхвалення, станоўчага каментавання i адпаведнай канкрэтызацыi партыйных рашэнняў.

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця канца 1940-пачатку 1950-х з'яўлялася аднаўленне рэпрэсій. Так, у верасні 1950 г. па «ленінградскай справе» было расстраляна 6 высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў. Рэпрэсіі былі выкарыстаны і ў дачыненні шырокага кола грамадзян СССР: жыхароў Прыбалтыкі, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе адбывалася калектывізацыя і разам з ёй - высылка ў Сібір «класава чужых элементаў». Пад падазрэнне спецслужбаў трапілі практычна ўже жыхары часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі БССР, у тым ліку члены мінскага падполля. Паэты С. Шушкевіч, С. Грахоўскі і інш. былі ізноў арыштаваны і высланы з Беларусі. Мiнiстр асветы БССР П. Саевiч па абвiнавачаннi у супрацоўнiцтве з югаславамi быў асуджаны на 25 год турмы. У 1948 г. на падставе сфальсіфікаванай справы «Антыфашысцкага яўрэйскага камітэта» у СССР пачаліся рэпрэсіі сярод яўрэйскай інтэлігенцыі. Так, 13 студзеня 1948 г. у Мiнску быў забіты народны артыст СССР С. Мiхоэлс. А «справа ўрачоў», якія быццам планавалі атруціць вышэйшых дзяржаўных асоб, выклікала ўсплёск юдафобіі на дзяржаўным узроўні.

Умовы «халоднай вайны» прымусілі партыйнае кіраўніцтва ўзмацніць ідэйна-палітычнае выхаванне насельніцтва. Так, у 1946 г. яго жорсткай крытыцы падвергліся рэдактары часопісы «Звезда» і «Ленінград», аўтары кінафільма «Вялікае жыццё» У «няміласць» трапілі літаратары Г. Ахматава і М. Зошчанка

Актыўнасць ідэалагічных і следам - карных службаў выявілася ў бібліятэчнай і выдавецкай справах, калі ў 1948 г. Галоўліт СССР забараніў для грамадскага чытання 185 назваў кніг.

На хвалі прапаганды ўсяго савецкага лічылася непатрыятычным станоўчыя ацэнкі заходняй культуры, навукі тэхнікі. Таму барацьба супраць «бязроднага касмапалітызму» і «нізкапаклонніцтва перад Захадам» таксама стала характэрнай рысай грамадскага жыцця СССР. Так, у лік «нізкапаклоннікаў» трапілі прыхільнікі не прызнанай на той час у СССР навукі генетыкі. 22 лістапада 1947 г. акадэмік А. Жэбрак за крытыку мічурынскага напрамку біялогіі ў амерыканскім часопісе «Science» быў адхілены ад пасады прэзідэнта АН БССР.

Важнейшым сродкам у фарміраванні ў савецкіх грамадзян ідэйнага імунітэту супраць буржуазнай ідэалогіі з'яўлялася сістэма прапаганды, якая ахоплівала ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры - ад дзіцячых садочкаў - да ВНУ. Усхваленне Сталіна як «Леніна сёння» з'яўлялася калі не асноўнай, то адной з галоўных частак ідэйна-прапагандысцкай работы.

Уздым яе прыпаў на снежань 1949 г., калі паўсюдна ў СССР ішло святкаванне юбілею правадыра. З гэтай нагоды ў БССР адбылося 31 500 мiтынгаў з удзелам 3 млн чал. Група пісьменнікаў і паэтаў напісала «Пiсьмо вялiкаму Сталiну ў слаўнае 70-годдзе дня нараджэння ад беларускага народа». У яго ж гонар у 1952 г. у Мінску быў узведзены найвялікшы ў краіне манумент.

Такiм чынам, пасля вайны грамадска-палітычнае жыццё ў БССР уваходзіла ў звыклае, апрабаванае рэчышча. Перамога над фашызмам не змянiла прыроды сталiнскага рэжыму. У яго аснове ляжала жорсткая цэнтралiзацыя ўсiх бакоў жыцця, неймавернае ўсхваленне асобы І. Сталіна, непрымiрымае стаўленне да станоўчых ацэнак замежных дасягненняў навукі, тэхнікі, культуры. Разам з мабiлiзацыяй народа на стваральную працу скiраваную на аднаўленне i далейшае развiццё гаспадаркi, грамадскага i культурнага жыцця, шырока практыкавалiся метады адмiнiстрацыйнага прымусу. Распачатая ў Заходняй Беларусі гвалтоўная калектывізацыя прыводзіла да новых ахвяр і пашырала сацыяльную базу антысавецкіх бандфарміраванняў.

Дзейнасць спецслужб спалучалiся з шырокай падазронасцю ўлад да людзей, хто ў часы вайны трапiў пад нямецкую акупацыю, у тым лiку партызан i падпольшчыкаў. Антысемітызм, барацьба з «бязродным касмапалітызмам» - характэрныя рысы сталінскага рэжыму апошніх год яго існавання. Разам з тым складанае палітычнае становішча, што існавала ў БССР, нівеліроўвалася працоўным энтузіязмам па адраджэнні эканомікі і культуры, паступовым павышэннем жыццёвага ўзроўню людзей, высокай ідэйнай свядомасцю, верай у партыю і правадыра. Перажытая вайна здавалася ім самай страшэннай бядой, у параўнанні з якой недахоп прадуктаў харчавання, тавараў народнага спажывання, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, і нават пагроза рэпрэсій лічыліся часовымі цяжкасцямі.

5. Асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 50-х - 60-я гг. ХХ ст.

Пачатак змен да лепшага ў СССР, у тым лiку i БССР, быў звязаны са смерцю Сталiна 5 сакавiка 1953 г. i перастаноўкамi у вышэйшых эшалонах улады. Так, пасаду Старшынi Савета Міністраў заняў Г. Малянкоў. М. Хрушчоў узначалiў Сакратарыят ЦК, Л. Берыя - Міністэрства ўнутраных спраў (з уключэннем у яго склад Міністэрства дзяржаўнай бяспекі), М. Булганiн - Мiнiстэрства абароны, К. Варашылаў - Вярхоўны Савет СССР.

У сродках масавай інфармацыі часцей стала праводзіцца думка пра калектыўнае кiраўнiцтва. У сталіцы БССР, абласцях i раёнах адбывалiся пленумы, прысвечаныя ўмацаванню калегiяльнасцi у рабоце партыйных органаў, развiццю крытыкi i самакрытыкi, павышэнню адказнасцi камунiстаў. Тым часам у Прэзідыуме ЦК паміж уладальнікамі ключавых пасад пачалася барацьба за вызначальны ўплыў і аднасобную ўладу. Каб знайсці падтрымку ў масах грамадзян, Л. Берыя перапыніў «справу ўрачоў» і аддаў загад аб частковы вызваленні рэпрэсіраваных асоб. У выніку на волю выйшлі 1 181 264 з 2 526 402 асуджаных, галоўным чынам, па крымінальных артыкулах.

Большасць партыйнай эліты выказвала апасенне, што з перамогай Л. Берыя ў краіне ўсталюецца рэжым яшчэ больш жорсткі, чым пры Сталіне. З усведамленнем таго М. Хрушчоў заручыўся падтрымкай маршала Г. Жукава і 26 чэрвеня на пасяджэнні Прэзідыума ЦК арганізаваў арышт свайго канкурэнта. У вынiку Л. Берыя быў выведзены з ЦК, выключаны з партыi і па прыгавору суда расстраляны. Чарговы (вераснёўскi) 1953 г. Пленум ЦК КПСС усталяваў пасаду Першага сакратара ЦК КПСС i абраў на яе М. Хрушчова. З гэтага часу ўвайшлi у практыку сумесныя пастановы ЦК КПСС i Саўмiна СССР, якiя павiнны былi сведчыць аб узмацненнi функцый Саветаў. Але, як i раней, вызначальную ролю ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi краiны адыгрывалi партыйныя органы. На 1 студзеня 1954 г. у КПСС налічвалася 6, 9 млн камунiстаў, з якiх 129 585 - у складзе КПБ.

Партыйнае i савецкае кіраўніцтва рабiлi захады, накiраваныя на прадухiленне ў будучым парушэнняў законнасцi. У сакавіку 1954 г. ізноў аднаўляўся партыйны кантроль над дзейнасцю сілавых міністэрстваў. Так, МДБ выводзілася з МУС і рэарганізоўвалася ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ). 30 красавiка 1954 г. Вярхоўны суд СССР рэабiлiтаваў ахвяр так званай «ленiнградскай справы» i пакараў тых, хто сфабрыкаваў яе. Так, па прыгавору суда былы МДБ Абакумаў i тры яго памагатыя былi расстраляны. У чаканнi суда памёр i кат беларускага народа, былы кіраўнік НКУС БССР Л. Цанава.

Лiквiдаваўшы найбольш адыёзныя рудыменты рэжыму, апарат КПСС пакінуў непарушнай камандна-адмiнiстрацыйную сiстэму. Негалосна прынятая лiнiя на спыненне палiтычных рэпрэсiй не раскрывала iх прычын i асабiстай ролi у iх Сталiна. Больш таго, у снежнi 1954 г. у краіне шырока адзначалася яго 75-годдзе. З такой жа ўрачыстасцю 22 красавіка 1955 г. адзначалася 85-годдзе са дня нараджэння Ў. Ленiна. Такім чынам, у грамадска-палітычным жыцці тэма «Ленін-Сталін» была непадзельнай. Яскравым увасабленнем таго з'яўляўся Маўзалей, у якім захоўваліся парэшткі абодвух правадыроў.

У працэсе дзейнасці групы членаў ЦК КПСС па рэарганізацыі сістэмы кіравання склаліся перадумовы для крытыкі сталінізму. Першыя крокі ў гэтым напрамку былі зроблены 14-25 лютага на ХХ з'ездзе КПСС, дзе з дакладам «Аб кульце асобы i яго вынiках» выступіў М. Хрушчоў. Гэтае выступленне, а таксама пастанова ЦК КПСС ад 30 чэрвеня 1956 «Аб пераадоленнi культу асобы i яго наступстваў», былі прыхільна сустрэты грамадствам і арыентавалі яго на далейшае развіццё савецкай дэмакратыі.

Па ўказаннi ЦК КПСС следчымi органамi БССР была праведзена праверка судовых спраў даваенных гадоў. У вынiку было ўстаноўлена, што iснаванне на Беларусi антысавецкага падполля ў 1937-38 гг. з'яўлялася вынiкам фальсiфiкацыi. У гэтай сувязі з 1956 па 1962 было рэабiлiтавана 29 012 чал.

Супраць М. Хрушчова, які ініцыяваў крытыку Сталіна, выступіла група членаў Прэзідыума ЦК на чале з В. Молатавым, але пацярпела паражэнне. Гэта дало І сакратару КПСС магчымасць завяршыць распачатую працу па асуджэнні культу Сталіна. Прамова М. Хрушчова на ХХІІ з'ездзе КПСС (17-31 кастрычнiка 1961 г.) знайшла падтрымку большасці народа, асабліва творчай інтэлігенцыі.

Грамадска-палітычнае жыццё СССР і БССР увабрала ў сябе стыль, метады і наступствы кіравання М. Хрушчова, які займаў пасады І сакратара ЦК КПСС і старшыні Савета Міністраў СССР. Неўзабаве і ён стаў прымаць рашэнні аднасобна, не параіўшыся з акружэннем. Уласцівы яму стыль кіраўніцтва - валюнтарызм - выявіў сябе ў непрадуманай рэарганізацыі амаль усіх партыйных і ўпраўленчых структур. Але савецкая палітычная сістэма засталася нязменнай.

Ва ўмовах панавання КПСС паўнаўладдзе Саветаў было немагчымым у прынцыпе: іх кiраўнiцтва абiралася пад партыйным кантролем, пры прамым i непасрэдным удзеле камунiстаў. Разам з тым Саветы ўсiх узроўняў пачалi лепш выконваць свае гаспадарчыя, арганiзацыйныя i культурна-выхаваўчыя функцыi. Палажэннi аб сельскiх, пасялковых, раённых, гарадскiх Саветах адлюстравалi iмкненне да развiцця дэмакратыi. Яны заканадаўча замацавалi правы і абавязкі дэпутатаў, усталявалi iх недатыкальнасць. На працягу 1950-х гг. працоўныя Беларусi двойчы бралi удзел у выбарах у Вярхоўны Савет СССР, двойчы ў Вярхоўны Савет БССР i тройчы ў мясцовыя органы рэспублiкi. За безальтэрнатыўны спiс кандыдатаў блоку камунiстаў i беспартыйных галасавала звыш 99% выбаршчыкаў.

Прафсаюзы заставаліся самай масавай грамадскай арганізацыяй. З 1951 па 1960 г. колькасць яе членаў павялічылася з 815 тыс. да 1 988 тыс. Па-ранейшаму асноўнай сферай дзейнасці прафсаюзаў з'яўлялася вытворчасць. Па iх iнiцыятыве з ладзіліся спаборнiцтвы «за званне брыгад выдатнай якасцi», «за эканомiю iнструментаў», «за сумяшчэнне прафесiй», у якіх удзельнiчала 95,2% працоўных. З 1958 г. разгарнуўся рух за званне ўдарнiкаў i брыгад камунiстычнай працы. З 1962 г. - за званне «майстар-залатыя рукi».

Страницы: 1, 2, 3, 4



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.