16 сакавіка РСФСР прапанавала ўдзельнікам канферэнцыі ў Варшаве прыбыць 22 сакавіка ў Маскву для абмеркавання агульных пытанняў напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі, але Польшча і прыбалтыйскія краіны, якія дэманстравалі сваю незалежнасць, прапанавалі ў якасці месца нарады Рыгу. Падчас канферэнцыі ў Рызе 29-30 сакавіка 1922 г. была дасягнута дамова аб пажаданасці ўзгодненых дзеянняў дэлегацый РСФСР, Польшчы, Латвіі і Эстоніі ў Генуі і ўзаемнай гарантыі дамоў паміж імі. Бакі заклікалі да прызнання РСФСР дэ-юрэ. Размова таксама ішла аб паляпшэнні чыгуначных зносін і перадачы аховы меж рэгулярным войскам або памежнай ахове, што дазволіла б ухіліць з прымежнай паласы ўзброеныя банды. Але негатыўная рэакцыя Францыі прымусіла Польшчу 6 красавіка заявіць, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці з'яўляюцца толькі абменам меркаванняў, не маючы абавязковай сілы [35, с. 121].
У Генуі польская дэлегацыя заняла прафранцузскую пазіцыю і разам з краінамі Малой Антанты выступіла супраць прызнання РСФСР дэ-юрэ. Услед за Ангельшчынай і Францыяй Польшча асудзіла савецка-германскую дамову ў Рапалла, а польская прэса ўзняла шум з нагоды савецка-германскага вайсковага саюза і падрыхтоўкі нападу на Польшчу [24, с. 114].
Рапальская дамова ўжо ў першыя дні пасля яе падпісання стала аказваць адмоўны ўплыў на польска-савецкія адносіны. Яшчэ падчас Генуэзскай канферэнцыі польская старана адчула ўзмацненне жорсткасці савецкай пазіцыі па цэлым шэрагу абмеркаваных на ёй пытанняў. У гэты час Савецкая Расія ў чарговы раз заявіла аб прыпыненні выканання сваіх матэрыяльных абавязкаў па Рыжскім догавору. Ёсць падставы лічыць, што Масква пайшла на ўзмацненне жорсткасці пазіцыі да Польшчы менавіта ў сувязі з падпісаннем дамовы з Нямеччынай, бо лічыла сваё знешнепалітычнае становішча зараз больш трывалым [30, с. 12].
Польшча ў сваю чаргу была вымушана ўсяляк процістаяць нямецка-савецкаму звязу, і выказалася наконт гэтага падчас Генуэзскай канферэнцыі.
Масква 24 красавіка паказала Польшчы, што яе дзеянні парушаюць Рыжскія дамовы, паводле якіх павінна была спрыяць прызнанню РСФСР дэ-юрэ. Са свайго боку Польшча спрабавала дамагчыся прызнання Ангельшчынай і Францыяй сваёй усходняй мяжы і атрымаць рэпарацыі ад Нямеччыны. Аднак ні адна з гэтых мэт дасягнута не была [24,с.116].
Больш таго, калі ў гутарцы з ангельскім міністрам фінансаў Н. Чэмберленам, польскі прадстаўнік заявіў, што моцная Польшча адпавядае інтарэсам Ангельшчыны, ён пачуў у адказ, што гэта не так. Галоўнае, каб Нямеччына мела магчымасць для экспансіі на Усход, а моцная Польшча будзе гэтаму мяшаць. Вядома, ва ўмовах, калі Нямеччына не ўяўляла сабой ніякай прыкметнай сілы ў Еўропе, падобная знешнепалітычная канструкцыя наўрад ці магла быць сур'езна ўспрынята ў Варшаве [31, с. 250].
12 чэрвеня 1922 г. Масква прапанавала Польшчы і сваім паўночна-заходнім суседзям склікаць канферэнцыю для абмеркавання пытання аб прапарцыйным скарачэнні ўзброеных сіл. Натуральна, гэтая прапанова не выклікала супрацiўлення з боку Варшавы. Польскае кіраўніцтва заявіла 9 ліпеня аб гатоўнасці ўдзельнічаць, але толькі пасля завяршэння аналагічных нарад у Лізе Нацый, што ў хуткім часе наўрад было б магчыма [5].
Тым не менш, шырокая прапаганда савецкай прапановы пазіцыя Румыніі і прыбалтыйскіх краін прывялі да таго, што ў жніўні ў Таліне, прайшлі кансультацыі вайсковых экспертаў, якія прапанавалі, каб Польшча, Латвія, Эстонія і Фінляндыя разам мелі б такія ж узброеныя сілы, як і РСФСР,што прапанавалася дасягнуць шляхам скарачэння менавіта савецкіх узброеных сіл. У выніку, пасля розных адцяжак Польшча 29 жніўня пагадзілася прыняць удзел у Маскоўскай канферэнцыі па раззбраенні [6].
2 снежня 1922г. у Маскву прыбылi дэлегацыі ад Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Польшча прадстаўляла таксама свайго саюзніка Румынію, якая адмовілася ад прамога ўдзелу ў канферэнцыі з-за нявырашанага Бесарабскага пытання. Савецкая дэлегацыя прапанавала скараціць узброеныя сілы на 25%, але Польшча настойвала на маральным раззбраенні і прапанавала падпісаць дамову аб ненападзе і арбітражы. Калі ж тэкст дамовы аб ненападзе быў узгоднены, высвятлілася, што Польшча і прыбалтыйскія краіны, не жадаюць адмаўляцца ад сваіх узаемных дамоў, насуперак меркаванай дамове аб ненападзе. У выніку, як і большасць падобных мерапрыемстваў, Маскоўская канферэнцыя па раззбраенні 12 снежня завяршылася безвынікова [35, с. 137].
У другой палове 1922 г. Масква неаднаразова ўздымала перад Варшавай пытанне аб гандлёвай дамове, але Польшча, спасылаючыся на непрызнанне савецкай манаполіі знешняга гандлю, ухілялася ад перамоў. Са свайго боку Варшава патрабавала выканання Масквой фінансавых абавязкаў па Рыжскай дамове. Тым не менш 19 верасня 1922 г. пачаліся перамовы аб паштова-тэлеграфнай канвенцыі, якая была падпісана 23 траўня 1923г. Восенню 1922 г. аднавілі працу рээвакуацыйная і змяшаная камісіі [35, с. 139].
Падзеі 1923 г. у Нямеччыне прывялі да таго, што Польшча правяла мабілізацыю 800 тыс. рэзервістаў. Тым самым польскае войска магло быць выкарыстана альбо для дапамогі Францыі супраць Нямеччыны, альбо для недапушчэння савецкай дапамогі Нямеччыне. Варшава неаднаразова заяўляла аб сваёй гатоўнасці падтрымаць Францыю, калі Парыж запросіць у яе аб гэтым. Са свайго боку Савецкі Саюз прапанаваў Польшчы, Чэхаславакіі, Эстоніі, Латвіі і Літве захоўваць нейтралітэт і заявіў, што не пакіне без увагі іх вайсковых дзеянняў супраць Нямеччыны [26, с. 79].
Пакуль вялікія дзяржавы былі заняты германскімі праблемамі, Польшча паспрабавала вырашыць Літоўскае пытанне. Тут, акрамя пытання аб Вільні, існавала пытанне аб прыналежнасці Мемеля (Клайпеды), аддзеленага ад Нямеччыны па Версальскай дамове і перададзенага пад кіраванне Лігі Нацый. 22 снежня 1922 г. РСФСР запатрабавала ўліку сваіх інтарэсаў пры рашэнні гэтага пытання, але Ліга Нацый праігнаравала гэтую заяву, хоць было вырашана ўлічыць інтарэсы Польшчы [31, с. 251].
Не чакаючы рашэння Лігі Нацый, літоўскія рэгулярныя атрады 13-15 студзеня 1923 г. занялі Мемель (Клайпеду), што, натуральна, выклікала рэзкую абуранасць Варшавы. Выкарыстаўшы рашэнне Рады Лігі Нацый ад 3 лютага 1923 г. аб падзеле нейтральнай зоны на польска-літоўскай дэмаркацыйнай лініі, усталяванай Лігай Нацый 30 лістапада і 17 снежня 1920 г., Польшча 13-17 лютага ўвяла туды свае войскі і заняла чыгунку Вільнюс - Гародня. Адбыліся сутыкненні паміж літоўскімі і польскімі атрадамі. Канферэнцыя амбасадараў Антанты прапанавала правесці польска-літоўскую мяжу па дэмаркацыйнай лініі, фактычна легалізаваўшы польскі захоп Віленшчыны. Зразумела, што Літва заявіла пратэст. 16 лютага Канферэнцыя амбасадараў вырашыла перадаць Мемель (Клайпеду) Літве, але пры ўмове, што Польшча атрымае права карыстання портам [23, с. 192].
17 лютага Масква нагадала Польшчы, што прыцягненне трэціх краін для рашэння польска-літоўскага канфлікту супярэчыць Рыжскай дамове, таму ім варта дамовіцца паміж сабой, а СССР прапаноўвае пасрэдніцкія паслугі. Вядома, Польшча заявіла, што Масква няправільна тлумачыць артыкул 3 дамовы і ўмешваецца не ў свае справы [23, с. 193].
Адначасова Польшча паспрабавала актывізаваць збліжэнне з краінамі Прыбалтыкі, выкарыстоўваючы для гэтага эканамічныя пытанні. СССР гэтак жа імкнуўся да нармалізацыі сваіх адносін з Прыбалтыкай, што з'яўлялася дзейсным контрзахадам польскім знешнепалітычным намаганням. Са свайго боку Польшча, атрымаўшы 23 ліпеня савецкую ноту з патрабаваннем прызнання стварэння СССР, 31 жніўня запатрабавала ад Масквы падцвердзіць усе ранейшыя дамовы (хоць аб гэтым было сказана ў савецкай ноце) і адпаведна ім адкрыць у Харкаве, Тыфлісе і Менску аддзяленні польскай дыпламатычнай місіі і адсунуць тэрмін завяршэння рэпатрыяцыі і аптацыi палякаў з Далёкага Усходу і з Закаўказзя да 30 красавіка 1924 г. [31, с. 253].
Гэтыя патрабаванні выклікалі негатыўную рэакцыю савецкага боку, якi 13 верасня паказаў, што польскія патрабаванні недарэчныя, а дамовы працягваюць дзейнічаць. У выніку 13 снежня 1923 г. Польшча заявіла, што прызнае стварэнне СССР і гатовая падтрымліваць з яго ўрадам дыпламатычныя адносіны. У адказ Масква дазволіла Варшаве адкрыць генеральныя консульствы ў Харкаве і Менску [35, с. 145].
У той жа час савецкі бок зноў паспрабаваў наладзіць эканамічныя адносіны з Варшавай, але польская пазіцыя заставалася непахіснай, і новы раунд перамоваў завяршыўся безвынікова.
У 1923-1925 гг. на савецка-польскай мяжы мелі месца новыя інцыдэнты з антысавецкімі групоўкамі, якiя дзейнічалі з тэрыторыі Польшчы, у адказ на гэта СССР прыпыніў адпраўку ў Польшчу золата і каштоўнасцей. 18 чэрвеня Варшава запатрабавала аднаўлення перадачы каштоўнасцей, але Масква, у сваю чаргу, прапанавала ёй пакрыць шкоду ад набегаў. Польскі бок байкатаваў Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскве, на якую былі запрошаны як польскія фірмы, так і прадстаўнiкi польскага ўрада. Больш таго, польскі бок імкнуўся перашкаджаць савецкаму транзіту ў Нямеччыну, дзе працягваліся беспарадкі, разглядаючы яго як падтрымку баяздольнасці Берліна [31, с. 255].
У кастрычніку 1923 г. СССР вёў перамовы з Польшчай і прыбалтыйскімі краінамі па пытанні аб транзіце і нейтралітэце ў стаўленні да Нямеччыны, але далей агульных гутарак Варшава не пайшла. Адначасова Польшча папярэджвала Ангельшчыну і Францыю аб савецкай пагрозе, але падобныя заявы не ўспрымаліся на Захадзе сур'езна [31, с. 256].
Тым часам працягваліся савецка-польскія перамовы аб рашэнні фінансавых пытанняў Рыжскай дамовы. Польскі бок выставіў прэтэнзіі на 75 млн. рублёў за эвакуяваныя матэрыяльныя каштоўнасці ў 1915 г. Тым не менш савецкі бок, зацікаўлены ў захаванні добрых адносін, нярэдка ішоў на ўступкі [34, c. 265].
З снежня 1921 г. па 1 чэрвеня 1924 г. Польшчы было перададзена абсталяванне 28 заводаў і шмат разрозненага абсталявання. Адначасова змяшаная разліковая камісія разглядала пытанне аб фінансавых прэтэнзіях польскіх грамадзян. У выніку савецкі бок пагадзіўся выплаціць па гэтых прэтэнзіях 1 081 120 185 польскіх марак (2 195 залатых рублёў, або 1 114 даляраў), але Варшава адмовілася, і пытанне было надоўга адкладзена [23, с. 636].
Масква ўхілілася ад выплаты такіх сум. Адначасова адбывалася перадача Польшчы культурных каштоўнасцей ( архівы, бібліятэкі, музеі і т.п.), вывезеных з Польшчы з канца 18 стагоддзя. У выніку 25 жніўня 1924 г. была падпісана савецка-польская дамова аб рээвакуацыi і кампенсаванні маёмасці, а 2 снежня 1924 г. СССР перадаў Польшчы 102 913 даляраў. Перадача асноўнай часткі культурных каштоўнасцей завяршылася дамовай ад 16 лістапада 1927 г., па якой бакі вырашылі працягваць гэтую працу без якіх-небудзь часавых абмежаванняў [34, с. 191].
Важнае значэнне ў савецка-польскіх адносінах адыгрывала пытанне аб выкананні польскім бокам пастаноў Рыжскай дамовы адносна правоў беларусаў і ўкраінцаў ва ўсходніх раёнах краіны. 17 снежня 1920 г. польскі сойм прыняў закон аб надзяленні зямлёй салдатаў, якія праславіліся ў савецка-польскай вайне, і да канца 1922 г. ва ўсходніх раёнах Польшчы зямлю атрымала каля 25 тыс. сем'яў. Замест нацыянальных школ, якія зачыняліся, адчыняліся польскія. Зразумела, што мясцовае насельніцтва негатыўна паставілася да паланізацыі, і паступова ва ўсходніх раёнах Польшчы фарміраваўся нацыянальны рух, больш прыкметны ва Усходняй Галіцыі [23, с. 242].
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6