Рефераты. Характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай у перыяд з 1921 па 1934 гг.

p align="left">10 траўня 1924 г. СССР звярнуў увагу Польшчы на тое, што "пераследы нацыянальных меншасцяў прынялі масавы і сістэматычны характар", і прывёў пэўныя факты гвалту польскіх улад над насельніцтвам усходніх ускраін. Варшава адхіліла гэтыя прэтэнзіі, абвясціўшы іх умяшаннем ва ўнутраныя справы Польшчы [31, с. 259].

12 жніўня падчас перамоў з Ангельшчынай савецкі бок зноў заявіў аб неабходнасці надання насельніцтву Усходняй Галіцыі права на самавызначэнне. Польскі бок 23 жніўня заявіў Маскве, што ніякага пытання аб Усходняй Галіцыі не існуе. СССР 5 верасня пацвердзіў нязменнасць сваёй пазіцыі ў пытанні аб рашэнні лёсу Усходняй Галіцыі, а 9 верасня аспрэчыў выказаныя ў інтэрв'ю польскага вайсковага міністра У. Сікорскага абвінавачвання СССР у арганізацыі бандыцкіх нападаў на усходняй межы [7].

У адказ польскі бок 16 верасня заявіў, што паводле Рыжскай дамовы краiны адмовіліся ад "усякіх дамаганняў на землі", і таму савецкі бок не мае права рабіць заўвагi на пытанні аб Усходняй Галіцыі, якая з'яўляецца тэрыторыяй Польшчы. 22 верасня Масква паказала, што яе заявы ставяцца не да фактычнай прыналежнасці тэрыторыі Усходняй Галіцыі, а да той формы, у якой гэтае пытанне было вырашана без удзелу СССР і без уліку меркавання самаго насельніцтва гэтай тэрыторыі, што было ў свой час абяцана краінамі Антанты. Што датычыцца папрокаў Варшавы ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Польшчы, на гэта было заяўлена, што падтрымка польскім прадстаўніком у Лізе Нацый грузінскага эмігранцкага ўрада ў становішчы «мецяжу» ў Грузіі з'яўляецца прамым умяшаннем ва ўнутраныя справы СССР [8].

У 1924 г. сітуацыя вакол СССР змянілася. 1 лютага Ангельшчына прызнала СССР дэ-юрэ, услед за ёй на афіцыйнае прызнанне СССР пайшлі Італія і іншыя краіны. 24 красавіка Польшча падпісала з СССР дагавор аб прамых чыгуначных зносінах, у якім было вырашана пытанне аб тарыфах. 18 ліпеня 1924 г. была падпісана консульская канвенцыя, паводле якой Польшча атрымала права стварыць консульствы ў Ленінградзе, Кіеве, Хабараўску і Тыфлісе, а СССР - у Лодзі, Гданьску і Львове, праўда, ратыфікацыя канвенцыі адбылася толькі 27 сакавіка 1926г. 31 ліпеня 1924 г. была канчаткова ўзгодненая лінія мяжы, а ў першай палове года ў асноўным завяршылася рэпатрыяцыя і аптацыя палякаў, усяго ў Польшчу выехала каля 1,1 млн. чалавек [31, с. 261].

Эканамічны крызіс у Польшчы прывёў да росту інфляцыі, і для стабілізацыі валюты польскае кіраўніцтва вырашыла звярнуцца за пазыкай да Францыі, але Парыж у пазыцы адмовіў. Тады Варшава звярнулася да Ангельшчыны і заявіла аб супрацоўніцтве з Лонданам і падтрымцы яго палітыкі ва Усходняй Еўропе. У выніку ў лютым 1924 г. была падпісана ангельска-польская гандлёвая дамова, якая дазволіла ангельскім фірмам улiцца ў польскую эканоміку. Але пазыкі Ангельшчына Польшчы так і не дала. У выніку лавіравання паміж Ангельшчынай і Францыяй у 1924-1926 гг. Варшава атрымала 300 млн. франкаў з 400 млн. вайсковай пазыкі [35, с. 153].

2 лістапада 1924 г. была падпісана франка-польская дамова аб актывізацыі разведработы ў Нямеччыне, пацверджанні меж Польшчы і пастаўках французскага ўзбраення. Францыя абяцала падтрымку ў стварэнні польскіх ВМС, а Варшава, са свайго боку, была вымушана пайсці на эканамічныя саступкі. У выніку адмоўнае сальда ў гандлі Польшчы з Францыяй узрасло з 19,9 млн. злотых у 1924 г. да 72,6 млн. у 1925г [35, с. 154].

У студзені 1925 г. Нямеччына прапанавала Ангельшчыны і Францыі гарантаваць свае межы на захадзе, а Польшчы - вярнуць Памор'е, але пры гэтым ёй надавалася права гандлю ў партах Балтыйскага мора і чыгунка да іх. У гэтых умовах Польшча звярнулася за падтрымкай да Ангельшчыны і Францыі, але яны праігнаравалі яе просьбы. Пераканаўшыся ў гатоўнасці Ангельшчыне і Францыі да кампрамісу на захадзе, Нямеччына ўзмацніла прапаганду ідэі рэвізіі ўсходніх меж, а ў ліпені 1925 г. абвясціла байкот польскаму гандлю, што цяжка сказалася для Польшчы, у знешнім гандлі, якой на Нямеччыну прыходзілася 37% імпарту і 50% экспарту. Для Нямеччыны ж Польшча не з'яўлялася важным гандлёвым партнёрам: на яе прыходзілася ўсяго 4,8% германскага экспарту і 5,3% імпарту [31, с. 265].

Ігнаруючы скаргі Польшчы, Ангельшчына і Францыя падпісалі з Нямеччынай Рэйнскі гарантыйны пакт, выклікаўшы незадаволенасць тых саюзнікаў Парыжу ва Усходняй Еўропе, чые межы не былі гарантаваны. Больш таго, па выніках рашэнняў у Лакарна Польшча пазбавілася гарантыі аўтаматычнай дапамогі з боку Францыі ў сілу франка-польскага вайсковага саюза, накіраванага ў тым ліку і супраць Нямеччыны. Зараз Францыя змагла б дапамагчы Польшчы ў выпадку яе канфлікту з Нямеччынай толькі пасля таго, як краіны-гаранты Рэйнскага пакта пацвердзілі б, што дзеянні Нямеччыны парушаюць гэтую дамову, а гэтага магло і не адбыцца [31, с. 266].

29 верасня 1925 г. савецкі бок прапаноўваў Польшчы збліжэнне на антыгерманскай аснове, але Варшава ўхілілася ад гэтай прапановы. Наадварот, польскае кіраўніцтва вырашыла знайсці кампраміс з Нямеччынай і ў Лакарна склала з ёй арбітражную дамову, пад дзеянне якой, тым не менш, не падпадалі пытанні меж. Польскія прэтэнзіі на сталае знаходжанне ў Радзе Лігі Нацый таксама засталіся незадаволенымі, паколькі супраць гэтага выступіла Ангельшчына. Тым часам Берлін, працягваючы гульню на супярэчнасцях Захаду і Усходу, склаў 12 кастрычніка 1925 г. з Масквой гандлёвую дамову (паводле якой Нямеччына выдзяляла крэдыт СССР), а 24 красавіка 1926 г. - дамову аб ненападзе і нейтралітэце. Гэтыя крокі Нямеччыны прывялі да таго, што Ангельшчына і Францыя, хоць і асудзілі савецка-германскія дамоўленасці, але пайшлі на наданне Берліну месца сталага члена Рады Лігі Нацый [35, с. 157].

Для Масквы ж савецка-германская дамова, як і аналагічная дамова з Літвой, стала формай адказу на імкненне Польшчы скласцi блок з Прыбалтыйскімі краінамі.

У разгар Рурскага крызісу Ангельшчына і Францыя ізноў актывізавалі сваю палітыку, накіраваную на стварэнне польска-прыбалтыйскага саюза, але супярэчнасці краін рэгіёна апынуліся занадта вялікія, а Нямеччына і СССР умела процідзейнічалі гэтым намерам. У выніку да восені 1925 г. пазіцыя Лондана таксама змянілася, і пытанне зноў было адкладзена. Таму, калі ў лістападзе - снежні 1925 г. Латвія агучыла ідэю стварэння "Паўночнага Лакарна" [Малюнак Б] на аснове дамоўленасці Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, ні Масква, ні Берлін, ні нават Лондан не падтрымалі гэтыя намеры [35, с. 160].

Для СССР было непажадана мець на сваіх заходніх і паўночна-заходніх межах адзіны ваенна-палітычны блок, для Нямеччыны паўстала пагроза яе рэваншысцкім намерам, а інтэрасам Ангельшчыны супярэчыла стварэнне палітычнай сітуацыі, якая б перашкаджала германскай экспансіі ва ўсходнім кірунку. Зразумела, што ў гэтых умовах ідэя "Паўночнага Лакарна" ціха памерла ў калідорах еўрапейскай дыпламатыі [31, с. 270].

26 марта 1926 г. была пацверджана польска-румынская дамова аб узаемадапамозе 1921 г. Хутка бакі пагадзіліся, што дамова будзе накіравана не толькі супраць СССР, але таксама супраць Нямеччыны і Вугоршчыны. Улічваючы польскае імкненне стварыць адзіны блок на савецкіх заходніх межах, Масква, у сваю чаргу, паспрабавала наладзіць адносіны з Нямеччынай і Літвой, склаўшы з імі дамовы аб нейтралітэце 24 красавіка і 28 верасня 1926 г., што выклікала незадаволенасць Варшавы [31, с. 271].

Такім чынам, савецка-польскія адносіны ў перыяд з 1921 па 1926гг. будаваліся на аснове Рыжскай мірнай дамовы. Аднак рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых у Рызе, у поўнай меры была не магчымай па шэрагу прычын. Да іх можна аднесці спробы абедзвюх дзяржаў найбольш спрыяльна для сябе тлумачыць і выкарыстоўваць дасягнутыя дамовы, пры гэтым з мінімальным жаданнем ісці адзін аднаму на саступкі і шукаць кампрамісы. Таксама складанасць і напружанасць у савецка-польскіх адносінах была абумоўлена ўмяшаннем дзяржаў Антанты у развіццё дыпламатычных адносін Усходняй Еўропы і выкарыстаннем шматлікіх дамоўленасцей паміж краінамі рэгіёна ў сваіх інтарэсах. Інтарэсы ж дзяржаў гэтага важнага ў геапалітычным плане рэгіёна мала хвалявалі краіны Антанты.

3. ПОЛЬСКА - САВЕЦКІЯ АДНОСІНЫ 1926-1934 гг

3.1 На шляху да падпісання пакта аб ненападзе

Першыя крокі на шляху да пакта аб ненападзе пачалі здзяйсняцца ўжо ў пачатку 1924 г. У Маскву з Варшавы 24 лютага прыбыў першы польскі прадстаўнік рангу пасланніка Дароўскі. Ён належыў да ліку польскіх палітыкаў, што выступалі за паляпшэнне савецка-польскіх адносін. Асноўным пунктам праграмы, з якой Дароўскі прыбыў у Маскву, было заключэнне гандлёвага дагавору паміж Польшчай і СССР. Аднак савецкі бок заявіў, што падпісанне гандлёвага дагавору з Польшчай ён звязвае “з перамовамі аб ліквідацыі Рыжскага дагавора [33]. Зразумела, што такія прапановы СССР не маглі знайсці водгукаў у Польшчы.

Увогуле, за час з 1924 па 1926 гг. было зроблена некалькі прапаноў з абодвух бакоў па пытаннях падпісання дагавора аб ненападзе.

Аднак спробы заключыць дагавор аб ненападзе паміж СССР і Польшчай у 1924-1926 гг. аказаліся безвыніковымі. Імкненне Варшавы ў дагаворы з СССР падкрэсліць свае інтарэсы ў Прыбалтыцы, увязка яго з гарантыяй савецка-румынскай граніцы былі для СССР абсалютна непрымальнымі. Пазіцыя Масквы таксама не спрыяла прагрэсу на перамовах. Яе спробы правесці рэвізію Рыжскага дагавору выклікалі крайне негатыўную рэакцыю ў Польшчы. Савецкі ўрад аддаваў прыярытэт развіццю адносін з Нямеччынай і лічыў немагчымым заключэнне савецка-польскага пагаднення ранней савецка-германскага. СССР і Польшча падыходзілі з прынцыпова розных пазіцый да важнейшых міжнародных праблем таго часу, што практычна выключала магчымасць грунтоўнай і доўгатэрміновай нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі [33].

Калі 11-15 траўня 1926 г. у Польшчы да ўлады прыйшоў Ю. Пілсудскі, то гэтая падзея, насуперак распаўсюджаным у прэсе чуткам, не выклікала адкрытай негатыўнай рэакцыі Масквы [38, с. 417].

Аднак Пілсудскі ў час свайго другога прыхода да ўлады, і аж да канца сваіх дзён - глыбока заставаўся антырасійскім. Позняй восенню 1926 г. на пасяджэнні Камітэта абароны дзяржавы ён выказаўся аб тым, што народ Расіі замучаны вайной і рэвалюцыяй, і новай вайны не хоча. Але "есць у Расіі група людзей, якія жыць спакойна не могуць. Яны складаюць верхнія слаі ў дзяржаве і здольныя ўзяць Расію і павесці яе, куды захочуць". На пасяджэнні без фармальнага абмеркавання былі прыняты высновы Пілсудскага аб тым, што "з Расіяй і Літвой існуе магчымасць вайны" [29, с. 28].

24 жніўня 1926 г. СССР прапанаваў праект пакта аб ненападзе. Праект утрымоўваў чатыры артыкулы, адпаведна асноўным праблемам: узаемнай адмова ад агрэсіўных дзеянняў; захаванне нейтралітэту ў выпадку нападу трэцяй дзяржавы на адну з тых, што падпісала пакт; неўдзел у дамовах палітычнага і эканамічнага характару, накіраваных супраць аднаго з падпісаўшых пакт бакоў; вырашэнне спрэчных пытанняў у рамках змяшаных камісій з прадстаўнікоў абодвух дзяржаў. Войкаў перадаў, таксама, пажаданне свайго ўрада, каб перамовы праходзілі ў Маскве [35, с. 114].

30 кастрычніка 1926 г. міністр замежных спраў Польшчы Залескі ўручыў Войкаву памятную цыдулку. У памятнай цыдулцы было адзначана тое, што Польшча з'яўляецца ўдзельнікам Лігі Нацый і што абавязкі, вынікаючыя з пакта з СССР аб ненападзе, не павінны супярэчыць абавязкам Польшчы па стаўленні да Лігі Нацый. Міністр замежных спраў Польшчы лічыў таксама неабходным высвятліць такія пытанні, як вызначэнне агрэсіі, захаванне нейтралітэту, пагаджальная працэдура і арбітраж [35, с. 114].

Цяжкасці, звязаныя з польска-савецкімі перамовамі, тычыліся шырокага кола пытанняў. Ужо на першым этапе перамоў (сакавік - красавік 1927 г.) выявіліся разыходжанні па такіх пытаннях, як: 1) абавязкі Польшчы перад Лігай Нацый; 2) узгадненне польска-савецкага пакта аб ненападзе з саюзам Польшчы, Прыбалтыйскіх дзяржў і Румыніі; 3) захаванне нейтралітэту ў выпадку ўзброенага канфлікту адной з дзяржаў, якія падпісалі пакт, з трэцяй дзяржавай; 4) забарона ўдзелу ў дамовах палітычнага і эканамічнага характару, накіраваных супраць аднаго з бакоу,што падпісалі дамову. Разыходжанні меліся таксама і па пытанні аб пагаджальнай працэдуры і арбітражы [35, с. 115].

Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.